Алімпіяда ў Токіё павінна адкрыцца праз два дні, але кіраўнік аргкамітэту ня выключыў магчымасьці яе адмены ў апошні момант, калі колькасьць выпадкаў COVID-19 сярод спартоўцаў будзе расьці і далей. Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».
Тасіра Муто заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што ён сочыць за дынамікай захворваньня, улічваючы, што з 1 ліпеня зарэгістраваны 71 выпадак COVID-19 сярод людзей, акрэдытаваных для ўдзелу ў Гульнях у рознай якасьці.
«Мы працягнем абмеркаваньне, калі будзе ўсплёск новых выпадкаў, — сказаў Муто. — На цяперашні момант колькасьць выпадкаў можа вырасьці ці зьнізіцца, так што мы падумаем, што нам рабіць, калі такая сытуацыя ўзьнікне».
Аднак прадстаўнік Алімпіяды ў Токіё пазьней заявіў, што арганізатары «на 100 адсоткаў сканцэнтраваліся на правядзеньні пасьпяховых Гульняў».
Некаторыя карпаратыўныя спонсары адмовіліся ад плянаў наведаць цырымонію адкрыцьця ў пятніцу, а праз пандэмію спартовыя спаборніцтвы пройдуць без гледачоў, каб мінімізаваць рызыкі для здароўя.