Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Раманава, які мае інваліднасьць праз анкалягічную хваробу, перавялі зь лякарні ў калёнію


Аляксей Раманаў, архіўнае фота.
Аляксей Раманаў, архіўнае фота.

Жыхар Гомля Аляксей Раманаў мае інваліднасьць другой групы па анкалягічным захворваньні. У Глыбоцкай калёніі, дзе ён адбываў пакараньне за «абразу прэзыдэнта», у яго адбыўся рэцыдыў.

Аляксея Раманава ў канцы траўня перавялі з Глыбокага ў Менск — у Рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там яго абсьледавалі, правялі шэраг кансультацый і лячылі. Была гаворка пра апэрацыю, але невядома, правялі яе ці не. У сваім лісьце ад 8 ліпеня Раманаў напісаў, што «актыўная фаза лячэньня скончаная» і яго этапуюць назад у Глыбокае. Этап можа заняць да двух тыдняў, таму што вязьняў зь Менску вязуць у Віцебск, у СІЗА. Там яны чакаюць этапу на Глыбокае.

У лісьце вязень піша, што пры абсьледаваньні ў яго выявілі запаленьне ў падстраўнікавай залозе («Вось адкуль у мяне моцны боль»), кісту ў кішэчніку і дабраякасную пухліну там жа. «Яшчэ з жоўцевым праблемы, яго трэба выдаляць. Але лекар сказаў, што гэта лепш рабіць на волі, усе апэрацыі. Трымаюся, трымаюся. Дай Бог, вярнуся», — зазначыў у лісьце Аляксей.

Ён улетку 2020 году быў валянтэрам каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Удзельнічаў у агітацыйных пікетах. На адным з мерапрыемстваў выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку. Сьледзтва, а пазьней і суд палічылі ягоныя выказваньні «абразай прэзыдэнта». Суд у Хойніках (менавіта там праходзіў пікет. — РС) пакараў Раманава годам калёніі. Тэрмін ён адбывае ў ВК-13 у Глыбокім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG