Пятро Кузьняцоў піша, што Гомельскі гарвыканкам прыслаў пастанову аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, якой належаць інтэрнэт-праекты, Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ (Гомельскі дэмакратычны форум. — РС).
«Арганізацыя дзейнічала з 2013 году, там было два дзясяткі толькі штатных працоўных месцаў, усе падаткі плаціліся спраўна (ніводная праверка да гэтага часу нічога не знайшла), дзейнасьць была выключна статутнай. Мабыць, таму ў пастанове выканкаму канкрэтна не пазначана ніводнай падставы для ліквідацыі», — зазначае заснавальнік сайту.
Адначасова падатковыя інспэкцыі распачалі супраць юрыдычнай асобы, якая ўжо ліквідуецца, дзьве праверкі: працягваецца камэральная, запатрабавалі яшчэ і агульную.
«Мабыць, будуць шукаць падставы «задняй датай», — мяркуе Пятро Кузьняцоў.
Таксама працягваецца камэральная праверка яго самога як індывідуальнага прадпрымальніка.
«Цікавыя рэчы адбываюцца са мной як з рэзыдэнтам — фізычнай асобай: падатковая налічыла даплаціць 40 000 рублёў падаходнага падатку. Больш падрабязна пра гэты анэкдот яшчэ раскажу, паколькі налічаныя гэтыя грошы былі з зусім не існуючай базы падаткаабкладаньня. Калі коратка, па вэрсіі інспэкцыі я мушу заплаціць падаткі за тыя грошы, якімі сам папаўняў са сваёй жа карткі, што ні пры якой трактоўцы не зьяўляецца атрыманьнем прыбытку, а толькі, умоўна кажучы, перакладаньнем грошай з адной кішэні ў другую», — тлумачыць заснавальнік сайту.
Наконт таго, што не адкрываецца сайт «Сильные новости», Пятро Кузьняцоў піша, што пакуль ня можа даць на гэтае пытаньне вычарпальны адказ.
«Калі я ўсё правільна зразумеў з тлумачэньня тэхнічнай групы, справа ў тым, што ў наш праграмны код хтосьці здолеў пракрасьціся і пакінуў там мноства памылак, якія знайсьці і выправіць можна толькі ўручную. Коду гэтага шмат тысяч радкоў, таму працэс займае пэўны час», — зазначае заснавальнік і абяцае вырашыць праблему.
Ён пакуль ня ведае, у якім фармаце будуць выходзіць «Сильные новости» ў выпадку, калі юрыдычную асобу ліквідуюць.
«Аднак рэдакцыя ў працаздольным стане, вы па-ранейшаму можаце чытаць нас ва ўсіх асноўных сацсетках, а таксама глядзець відэа на Yolutube і праект „Короче“ на Tik Tok. Сьпісваць нас з рахункаў ня трэба, так ці інакш мы будзем рабіць усё, каб працягваць заставацца з вамі», — абяцае Пятро Кузьняцоў.
Хроніка перасьледу «Сильных новостей»
Увосень 2020 году міліцыя затрымлівала і кідала на «суткі» як удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў журналістаў сайту «Сильные новости» Дзяніса Якштаса, Марыну Драбышэўскую, Надзею Пужынскую. Галоўная рэдактарка Ганна Якштас правяла выходныя ў ІЧУ і атрымала буйны штраф.
6 кастрычніка 2020 году прайшлі ператрусы ў супрацоўнікаў сайту і ў офісе рэдакцыі. Міліцыянты забралі тэхніку. Пазьней рэдакцыя аднавіла працу.
9 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі зь ператрусамі да дзесяці супрацоўнікаў «Сильных новостей», у тым ліку да заснавальніка Пятра Кузьняцова, галоўнай рэдактаркі Ганны Якштас і журналістаў.
13 ліпеня адбыўся ператрус і допыт бухгальтаркі Ганны Стрэльчанкі. Ва ўсіх супрацоўнікаў міліцыя забрала тэлефоны і тэхніку.
15 ліпеня зь невядомай прычыны перастаў адкрывацца сайт «Сильные новости».