Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы ў 10 супрацоўнікаў «Сильных новостей» правялі ў межах крымінальнай справы супраць удзельнікаў пратэстаў


Архіўнае фота. У рэдакцыі інтэрнэт-парталу «Сильные новости»
Архіўнае фота. У рэдакцыі інтэрнэт-парталу «Сильные новости»

Ператрусы і канфіскацыя кампутараў і тэлефонаў у супрацоўнікаў інтэрнэт-парталу «Сильные новости» (Гомель) працягваліся да самай ночы 9 ліпеня.

Як паведаміў БелаПАН стваральнік парталу Пятро Кузьняцоў, усяго было 15 пастановаў на ператрус — на дзесяць супрацоўнікаў. Сьледчыя дзеяньні праходзілі ў работнікаў парталу як па месцы прапіскі, так і па месцы жыхарства, а таксама на лецішчах і ў аўтамабілях.

Як стала вядома, падставай для ператрусаў была крымінальная справа, заведзеная ў верасьні 2020 году ў дачыненьні да жыхароў Гомля мужа і жонкі Сьняжковых, якія нібыта ўдзельнічалі ў масавых беспарадках. Сьледзтва выказала здагадку, што на носьбітах інфармацыі журналістаў магла быць інфармацыя, карысная для расьсьледаваньня.

Ператрусы прайшлі

  • ў кватэры і загараднай хаце стваральніка «Сильных новостей» Пятра Кузьняцова,
  • па двух адрасах — рэгістрацыі і жыхарства галоўнага рэдактара парталу Ганны Якштас,
  • яе мужа Дзяніса Якштаса (таксама супрацоўнік «Сильных новостей»)
  • і ў супрацоўнікаў парталу Юрыя Глушакова,
  • Натальлі Суславай,
  • Ірыны Вольскай,
  • Паўла Кузьняцова,
  • Яўгеніі Крашчук,
  • Аляксея Атрошчанкі,
  • Кацярыны Целіман.

Усе яны цяпер на свабодзе, але ў іх канфіскавалі тэхніку і тэлефоны.

«Літаральна ў апошнія дні я размаўляў з многімі чальцамі маёй каманды, прапаноўваючы ўсім разгледзець магчымасьць рэлакацыі. І, ведаеце, усё адмовіліся. Так, напэўна, хтосьці з нашых таксама ня супраць, але ўсё тыя, з кім я казаў, заявілі, што не гатовыя і ня хочуць зьяжджаць.

Што я магу дадаць? Я магу толькі прапанаваць паспрабаваць паставіць сябе на маё месца. Ці магу я зьехаць, калі ўсе тыя людзі, зь якімі мы будавалі і будуем свой праект, застаюцца? Можа, я і згодны з тым, што лепш было б — так, зьехаць. Але, бачыце, я не магу. Зьяжджаць лёгка, калі ты адзін і ні з кім і нічым асабліва не зьвязаны. Калі ты кіруеш камандай, калі ты робіш сваю справу, адчуваеш адказнасьць перад людзьмі, гэта цяжка », — напісаў у сваім телеграм-канале Пятро Кузьняцоў.

Ператрусы ў рэдакцыях недзяржаўных мэдыя і ў журналістаў працягваюцца два дні. Прадстаўнікі сілавых структур наведалі рэдакцыі і (або) асобных журналістаў ня менш чым 12 СМІ. 8 і 9 ліпеня ў зоне цікавасці сілавікоў аказаліся «Наша ніва» (сайт nn.by, часопіс «Наша гісторыя», Менск), Intex-Press (Баранавічы), «Ганцавіцкі час», «Першы Рэгіён» (Ганцавічы), «Інформ-прогулка» (Лунінец), Media-Polesye (Пінск, Лунінец), Orsha.eu, «Брестская газета», «Виртуальный Брест», «Сильные новости» (Гомель), Onliner.by.

8 ліпеня па ўсёй Беларусі затрымалі ня менш за 15 прадстаўнікоў мэдыясфэры і грамадзкіх актывістаў. 9 ліпеня інфармацыя пра затрыманьні журналістаў не паступала, аднак, як і напярэдадні, прайшлі ператрусы, былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі (кампутары, тэлефоны).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG