Вінаградава ня выпусьцяць пасьля 15 дзён арышту
Як стала вядома ягонай жонцы Сьвятлане, Паўлу дадалі зьверху паводле таго ж артыкулу яшчэ 30 сутак. Таксама праводзіцца праверка на наяўнасьць прыкметаў крымінальнага злачынства ў пасьце актывіста ў Facebook, за які ён быў затрыманы.
Пакаралі Паўла за пост, у якім ён скрытыкаваў ідэю выходзіць на пратэст 9 траўня. Аднак суд палічыў гэта, наадварот, «заклікам да ўдзелу».
5 ліпеня ў доме Вінаградавых у Бярэзані прайшоў «агляд», пасьля якога Паўла забралі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрыманьня. Праз два дні выязны суд пакараў затрыманага паводле артыкулу 24.23 КаАП — за «несанкцыянаваную акцыю».
Сьвятлану Вінаградаву 21 ліпеня выклікаюць у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Барысава як сьведку ў справе ініцыятывы ByHelp.
КДБ затрымаў сям'ю гісторыкаў Мастыкаў
Сілавікі затрымалі гісторыка і навукоўца Андруся Мастыку і ягоную жонку Тацяну Мастыку, якая ў мінулым узначальвала грамадзкае аб’яднаньне «Гісторыка».
Учора да іх зь ператрусам прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Што шукалі і ў якой справе, невядома. На вобшук у кватэру адваката не пусьцілі. Паводле апошняй інфармацыі, Тацяна цяпер у цэнтральным апараце КДБ, яе статус невядомы. Месцазнаходжаньне Андруся пакуль невядомае, паведамляе тэлеграм-канал By_Culture.
Ператрус у сядзібе ўнівэрсытэту імя Гілевіча
У менскай сядзібе ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча адбыўся ператрус, паведаміў на сваёй старонцы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. «Забралі некаторыя кнігі зь бібліятэкі. Памяшканьне апячаталі», — напісаў ён.
Першы беларускамоўны ўнівэрсытэт атрымаў рэгістрацыю ў 2018 годзе і месьціцца ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32.
Ператрус у былой кватэры Губарэвіча
Па месцы прапіскі старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча прайшоў ператрус, ягоную былую жонку Стасю павезьлі ў невядомым кірунку.
«Раніцай быў ператрус па адрасе, дзе я прапісаны. Пяцёра невядомых кудысьці павезьлі з сабой Стасю Губарэвіч», — напісаў палітык на сваёй старонцы ў Facebook, там жа прыкладзена відэа з камэр відэаназіраньня, як людзі ў цывільным выводзяць з будынку жанчыну.
Як расказаў пазьней Юрась Губарэвіч агенцтву БелаПАН, пры вобшуку прысутнічала адна зь яго дачок. З сабой невядомыя забралі скрынку з рэчамі. Сам палітык у гэты момант на волі. Пазьней стала вядома, што Стасю Губарэвіч адпусцілі, але аштрафавалі на 70 базавых велічыняў за бел-чырвона-белы сьцяг, знойдзены падчас ператрусу. Супрацоўнікі ГУБАЗіК таксама забралі тэхніку, а заўтра прыйдуць апісваць маёмасць.
Сілавікі ўжо прыходзілі па месцы прапіскі Юрася Губарэвіча 14 ліпеня. Аднак у той раз зьехалі да таго, як прыехала дадому дачка.
21 траўня Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне руху «За свабоду». Падставай паслужыла нібыта парушэньне заканадаўства «ў частцы непадачы дакумэнтаў аб наяўнасьці ў грамадзкага аб’яднаньня юрыдычнага адрасу».
25 чэрвеня кіраўніцтва руху атрымала зь ведамства прадпісаньне да 13 ліпеня падаць шэраг дакумэнтаў у сувязі з правядзеньнем «кантрольных мерапрыемстваў па вывучэньні дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня на прадмет адпаведнасьці патрабаваньням заканадаўства».
14 ліпеня ў офіс арганізацыі прыйшлі зь ператрусам, пасьля чаго памяшканьне было апячатана. У той жа дзень ператрус прайшоў дома ў намесьніка старшыні арганізацыі Віктара Янчурэвіча.
Затрыманьне музыкі Максіма Субача
У Менску затрымалі музыку, удзельніка гуртоў TonqiXod і Subtonans Максіма Субача, піша By_Culture.
Галоўнага рэдактара горадзенскага выданьня Hrodna.life Аляксея Шоту выклікалі на 17.00 у Ленінскі РАУС у пытаньні тэхнікі, якую забралі з рэдакцыі падчас агляду ў студзені. Неўзабаве пасьля паходу ў РАУС Шота паведаміў, што яго выклікалі ў пракуратуру. Па якім пытаньні, рэдакцыі невядома.