Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША расьсьледуюць магчымую атаку Расеі на дыпляматаў у Вене


Дырэктар ЦРУ Ўільям Бёрнс называе праблемы са здароўем амэрыканскіх дыпляматаў у Вене вынікам чужых атакаў, сьцьвярджае New Yorker
Дырэктар ЦРУ Ўільям Бёрнс называе праблемы са здароўем амэрыканскіх дыпляматаў у Вене вынікам чужых атакаў, сьцьвярджае New Yorker

Улады ЗША расьсьледуюць прычыны зьяўленьня дзіўных болевых адчуваньняў у 24 амэрыканскіх чыноўнікаў, якія працуюць у Вене. У іх выявіліся неспэцыфічныя сымптомы, падобныя да так званага «гаванскага сындрому», пагаршэньня здароўя дыпляматаў, якое можа быць зьвязанае з узьдзеяньнем Расеі.

Праблемы са здароўем у дыпляматаў, супрацоўнікаў разьведкі і іншых чыноўнікаў у Вене пачаліся неўзабаве пасьля інаўгурацыі 46-га прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў студзені сёлета, паведамляюць часопіс New Yorker і агенцтва Associated Press. Урадавыя агенцтвы ЗША называюць праявы сымптомаў у супрацоўнікаў «анамальнымі або невытлумачальнымі інцыдэнтамі са здароўем», аднак у прыватных гутарках кіраўнік ЦРУ Ўільям Бёрнс называе іх ня інцыдэнтамі, а атакамі, сьцьвярджае New Yorker.

«Гаванскі сындром» названы так паводле інцыдэнтаў у сталіцы Кубы, дзе з канца 2016 году амэрыканскія дыпляматы паведамлялі аб моцных галаўных болях, млоснасьці, стомленасьці і пагаршэньні каардынацыі і слыху. У 2018 годзе аналягічныя сымптомы зьявіліся ў супрацоўнікаў консульства ў Кітаі, у канцы красавіка 2021 году тэлеканал CNN паведаміў, што два падобныя выпадкі былі зафіксаваныя на тэрыторыі ЗША.

Высокапастаўленыя чыноўнікі як у адміністрацыі былога прэзыдэнта Дональда Трампа, так і ў адміністрацыі Байдэна ўпэўненыя, што амэрыканцы маглі быць атакаваныя Расеяй. Часопіс Politico ў траўні паведамляў, што арганізатарамі можа выступаць расейская вайсковая выведка ГРУ, аднак дакладных доказаў гэтага пакуль няма.

Амэрыканскія ўлады падазраюць, што «гаванскі сындром» можа быць вынікам узьдзеяньня на чыноўнікаў гукавых або мікрахвалевых хваляў. Паводле стану на пачатак лета было вядома аб 130 чыноўніках, якія пацярпелі ад сындрому, у гэты лік не ўваходзяць засакрэчаныя зьвесткі аб магчымых пацярпелых з ЦРУ.

Вена — адзін з цэнтраў сусьветнага шпіянажу з прычыны прысутнасьці ў горадзе офісаў шэрагу міжнародных арганізацый. Амэрыканская амбасада і пад’езды да яе добра ахоўваюцца, адзначае New Yorker, аднак супрацоўнікі жывуць за межамі яе тэрыторыі, дзе могуць быць больш уразьлівыя для ўзьдзеяньняў збоку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG