Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыкі і супрацоўнікі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту выказалі пратэст супраць арышту беларускай экспэрткі


Тацяна Кузіна
Тацяна Кузіна

Выкладчыкі і супрацоўнікі Цэнтру ў пытаньнях дэмакратыі, разьвіцьця і вяршэнства закону Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў ЗША выказалі пратэст супраць арышту і чаканага суду над беларускай дасьледніцай Тацянай Кузінай.

«Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году працягваюцца мірныя пратэсты і дэманстрацыі супраць беларускага ўраду і прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, — напісалі яны ў заяве. — За гэты час улады несправядліва арыштавалі тысячы актывістаў і пратэстоўцаў. Хвалі рэпрэсій дайшлі да палітыкаў, арганізацый грамадзянскай супольнасьці, сродкаў масавай інфармацыі, дасьледчай супольнасьці і простых грамадзян. Арышт спадарыні Кузінай — яшчэ адзін з шэрагу трывожных крокаў, якія беларускі ўрад распачаў супраць свайго народу. Мы заклікаем вызваліць спадарыню Кузіну і іншых палітвязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі».

У заяве адзначаецца, што Тацяна Кузіна — паважаная беларуская экспэртка, якая была сузаснавальніцай, выкладчыцай і навуковай супрацоўніцай Школы маладых мэнэджараў у галіне дзяржаўнага кіраваньня (SYMPA) і Беларускага інстытуту рэфармаваньня і трансфармацыі дзяржаўнага кіраваньня (BIPART).

Сярод падпісантаў заявы вядомы амэрыканскі палітоляг і філёзаф Фрэнсіс Фукуяма і выкладчык Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Майкл Макфол, колішні амбасадар ЗША ў Расеі.

Экспэртку Тацяну Кузіну затрымалі 29 чэрвеня ў менскім аэрапорце і зьмясьцілі ў СІЗА № 1. Яна выкладала ў ЭГУ, распрацавала Канцэпцыю рэформы дзяржкіраваньня. У чым яна падазраецца — невядома. Вядома толькі, што на яе заведзена крымінальная справа.

Кузіна з 1996 па 2009 гады працавала ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Мае ступень магістра паліталёгіі. Была намесьніцай дэкана франка-беларускага факультэту палітычных і адміністрацыйных навук, кіраўніцай Офіса публічных і міжнародных сувязяў, выкладчыцай бакаляўрскай праграмы «Палітычныя і эўрапейскія дасьледаваньні».

Цягам 5 гадоў — з 2010 па 2015 — была выканаўчым дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG