- Ці лёгка перавезьці сабакаў ці катоў да гаспадароў у новую краіну?
- Які стрэс перажываюць свойскія жывёлы, калі гаспадар пад арыштам?
- Ці варта стварыць арганізацыю або фонд, якая дапамагала б інфармацыйна ці фінансава ў такіх сытуацыях?
Жывёлы-эмігранты. Як каты пісьменьніцы Златкоўскай прызвычайваліся да новага жытла ў Вільні
Пісьменьніца Ганна Златкоўская разам з сынам зьехала ў Літву летась у лістападзе. Як сама тлумачыць, «каб не апынуцца пад катком рэпрэсій з прычыны грамадзянскай пазыцыі і актыўнасьці». Ганьне здавалася, што неўзабаве яны вернуцца ўжо ў свабодную, новую Беларусь. «Але, на жаль, доўгачаканыя перамены ня так хутка адбываюцца, як таго хочацца». У Беларусі заставаліся муж і два каты. Неўзабаве ў сям’і вырашылі, што трэба ўсім пераяжджаць у Літву, бо жыць паасобку вельмі цяжка, згадвае Ганна.
— Муж сабраў рэчы, зрабіў усе неабходныя дакумэнты для катоў (прышчэпкі, чыпаваньне, пашпарты і сэртыфікат для выезду, які дзейнічае 10 дзён) і прыехаў у Літву. На мяжы памежнікі праверылі ўсе дакумэнты, паглядзелі на катоў, не адчыняючы пераноскі. І ў Беларусі, і ў Літве Кірыл катоў задэкляраваў. Гэтая працэдура робіцца, каб потым разам зь імі вярнуцца на радзіму.
Паводле Ганны Златкоўскай, пераезд даўся катам вельмі цяжка.
— Кажуць жа, што каты прывыкаюць да месца, а сабакі да людзей. Хоць, як заўважылі, усё роўна каты заўсёды сумуюць па гаспадарах, калі іх пакідаюць на доўгі час (адпачынак, напрыклад). За гэтыя паўгода каты пераяжджалі двойчы. Спачатку зь Беларусі, потым ужо тут з адной кватэры на другую. Першы раз каты некалькі дзён хаваліся пад ложкам, пасьля сталі асвойваць новую прастору...
Другі пераезд даўся котцы Сары лёгка. Яна паўгадзіны пасядзела пад ложкам, потым залезла ў вялікую шафу, дзе і ляжала, пакуль ня вырашыла, што, напэўна, ужо бясьпечна, гэтыя «гадкія гаспадары больш яе нікуды не павязуць», і выйшла. А вось кот Аксімірон вельмі пакрыўдзіўся і вырашыў прадэманстраваць «перадсьмяротны прыступ».
Лёг на падлогу, лапы дагары, язык вываліў і давай хрыпець. У вэтэрынара зрабілі рэнтген, укол, памералі тэмпэратуру, узялі аналіз крыві. Перажывалі вельмі. Кот у нас шкодны, але любімы ж! І што ў яго выявілася? Псыхалягічныя праблемы. Каб гэта даведацца, заплацілі 100 эўра. Кату нават прапанавалі (ну нам, гэта значыць) нэўроляга, каб зразумець, чаго сумуе кацяра. Але мы адмовіліся, вырашыўшы, што дэпрэсію ката вылечым пяшчотай і смачнай ежай, і гэта будзе таньней.
Пісьменьніца кажа, што ёй вельмі сумна чытаць гісторыі, калі людзі аддаюць сваіх гадаванцаў іншым людзям, бо зьяжджаюць жыць у іншую краіну.
— Так, у чужой краіне з жывёламі значна цяжэй знайсьці кватэру, бо ня ўсе хочуць, каб на арэнднай кватэры жылі мала таго што эмігранты, дык яшчэ і жывёлы-эмігранты. У нейкі момант ахоплівае адчай, бо ты ня можаш арандаваць жыльлё, табе альбо адмаўляюць, альбо патрабуюць выплаціць падвойны дэпазыт (а гэта вялікія грошы для нас). Але я заўсёды ведала, што абавязкова знойдуцца людзі, якія разумеюць, што свойскія жывёлы — гэта шчасьце. Важна не адмаўляцца ад сваіх перакананьняў, і я ведаю, што Сусьвет заўсёды адкажа ўзаемнасьцю, што, уласна, і здарылася.
Цяпер сямʼя жыве ў кватэры, дзе гаспадары адразу пагадзіліся на катоў і не прасілі падвойнага дэпазыту.
— Каты трохі прызвычаіліся да новага жытла, але часам нядобра пазіраюць на гаспадароў, задаючыся пытаньнем: «Спадзяёмся, вы нас больш нікуды больш не павезяце?». А мы ім адказваем: «Сара і Аксі, калі толькі ўжо дадому».
Як 11-гадовага сьляпога сабаку перапраўлялі да гаспадароў у Літву
11-гадовы сьляпы Роні цяпер жыве са сваімі гаспадарамі ў Вільні. Яна Санько і Мікіта Патапенка праз пагрозу арышту зьехалі зь Беларусі ў кастрычніку. Спачатку ў Рыгу, потым у Вільню. Яна тлумачыць:
— Ехалі пасьпешліва, думалі, што часова, сабаку пакінулі з мамай, бо былі ўпэўненыя, што яго будзе проста пераправіць да нас. Аказалася, гэта цяжэй, чым думалі. Пасьля таго, як уладкаваліся ў Вільні, месяцы праз два толькі знайшлі спосаб перавезьці сабаку.
Яна і Мікіта ўзялі Роні ад валянтэраў ужо дарослым сабакам. Праз тое, што Роні сьляпы, гаспадары не хацелі адпраўляць яго самалётам, а пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair гэта ўвогуле стала немагчыма. Гаспадары шукалі розныя магчымасьці, у выніку аформілі даверанасьць на чалавека, які прывёз ім Роні ў Літву. Яна расказвае, як усё адбылося.
— Мая сямʼя падвезла сабаку да мяжы, перасадзіла ў бус, і яго прывезьлі нам пад падʼезд. Тры дні да гэтага яго паілі спэцыяльнымі сабачымі транквілізатарамі, таму перанёс спакойна, і яшчэ тры дні пасьля прыезду быў млявы. Прыватны трансфэр Менск — Вільня каштуе каля 200 эўра (для чалавека, а з сабакам чалавек едзе ці з валізамі — усё адно), камэрцыйныя перавозчыкі сабак просяць 600–800 эўра, але нас спыняла тое, што гэта фургон на 30 клетак і дзікі стрэс для жывёлы. А нашага яшчэ і не хацелі браць, бо сьляпы.
Цяпер у Роні ўсе выпрабаваньні ў мінулым. Пытаюся ў Яны, якую параду яна дала б людзям, якія апынуцца ў падобнай сытуацыі.
— Трэба высьвятляць усё ў першакрыніцах: многія спрабуюць даведацца правілы перавозкі свойскіх жывёлаў у чатах, але лепш адзін раз патэлефанаваць ці напісаць у афіцыйныя каналы мытні і вэтэрынарнай службы той краіны, куды хочаце везьці жывёлу. Напэўна, ёсьць натуральны недавер у беларусаў да дзяржаўных установаў, але можна прызвычайвацца паціху, што тут гэтыя ўстановы працуюць крыху іначай. Нам адказалі на імэйл разгорнута, па пунктах і са спасылкамі на ўсе шаблёны дакумэнтаў.
Маленькая драма адной сямʼі. «Мы выехалі з краіны, а сабака застаўся»
Журналістка Марыя Малевіч была вымушаная тэрмінова зьехаць зь Беларусі і не змагла ўзяць з сабой сабаку. Цяпер яна шукае магчымасьці арганізаваць перавозку. Гэта ня самая простая і танная справа.
— Думаю, тлумачэньне, чаму мы выехалі з краіны, а сабака застаўся, дае адказы на нашмат глыбейшыя пытаньні і апісвае, магчыма, ня вартую вялікай сцэны, але маленькую драму адной сям’і. Яшчэ за пяць дзён да адлёту мы не зьбіраліся пакідаць Беларусь. Але ў пятніцу ў памяшканьні, дзе я працую, адбыўся ператрус, затрымалі маіх калегаў, у суботу мой муж трапіў у рэанімацыю, у нядзелю мне перадалі «прывітаньне-прапанову» з РАУС «падкінуць да аэрапорту», у гэты ж дзень беларускія ўлады захапілі самалёт з Раманам Пратасевічам на борце, а ў аўторак мы зь сям’ёю селі на апошні рэйс Менск — Львоў.
Выбар Украіны быў натуральны, бо гэта быў, бадай, «самы ранішні рэйс зь Беларусі ў сяброўскую краіну», — згадвае журналістка.
— Пакуль мы чакалі вылету, чулі, як адмяняюць рэйсы на Варшаву, Вільню, Парыж... Усё наша жыцьцё зьмясьцілася ў шэсьць невялікіх валізак, але побач зь імі не стаяла пераноска з нашай Варажкай. Мы вельмі хацелі ўзяць яе з сабой, але фізычна сабаку ня выпусьцілі б з краіны — не прайшоў карантынны тэрмін пасьля прышчэпкі ад шаленства. Ня так важна, куды мы ў той момант ехалі, ніводная мытня не дазволіла б правезьці такую жывёлу.
Сабаку былі вымушаныя пакінуць з бацькамі Марыі. І вось ужо месяц, як сямʼя шукае магчымасьці перавезьці Варажку ва Ўкраіну.
— Месяц, як мы не ў Беларусі, зьбіраемся зьяжджаць з Украіны і займаемся тым, каб перавезьці нашага сабаку да нас, але справа не такая простая, як здаецца. Хаця б таму, што наняць прыстойнае жытло, дзе можна б было пасяліцца і з сабакам, і зь дзіцем, досыць складана. Дый перавозка патрабуе грошай, сілаў і кемлівасьці. Сёньня мы шукаем чалавека, які б дапамог нам перавезьці Варажку празь беларуска-літоўскую мяжу, але пасьля забароны на наземнае перасячэньне мяжы і адмены авіярэйсаў ахвочых знайсьці ня так проста. Але, упэўнена, пытаньне вырашыцца, і Варажка прыедзе да нас у хуткім часе. Натуральна, недзе ў глыбіні сядзіць спадзеў, што, можа, гэта мы вернемся ў Беларусь. Але... Лепш чакаць гэтай магчымасьці разам з усёй сям’ёю.
«Хацеў стварыць фонд ByPet, які дапамагаў бы людзям, якія зьяжджаюць з свойскімі жывёламі»
Музыка і перакладчык Ціматэ Суладзэ двойчы сядзеў на «сутках» (13 і 15) за вулічныя і дваровыя выступы. У музыкі трое сабак — Тэтры, Пусік і Бімба, якіх ён прывёз у Беларусь з Грузіі, забраўшы там з вуліцы. Падчас арышту сабак дапамагалі глядзець сябры і родныя. Пад пагрозай крымінальнага перасьледу Тыматэ Суладзэ вырашыў пакінуць Беларусь. Выехаў на машыне разам з трыма сабакамі ў Літву. «Нават і думкі не было, каб іх пакінуць», — згадвае музыка.
— Я маю таксама расейскае грамадзянства, машына была на расейскіх нумарах. Я сказаў на мяжы, што еду адпачываць у Калінінградзкую вобласьць. Я таксама маю і грузінскае грамадзянства. Паказаў памежнікам свой грузінскі пашпарт, які для Літвы бязьвізавы. Беларускі пашпарт я схаваў і дастаў толькі на літоўскім пункце пропуску.
Ціматэ вырас у Менску, грузінскае і расейскае грамадзянства атрымаў шляхам натуралізацыі.
— Калі я быў пад арыштам у Беларусі, сабакі таксама пакутавалі. Некалькі дзён яны былі адны ў хляве бязь ежы, безь нічога. Я павінен быў увечары вярнуцца дадому і пакарміць іх, але ўвечары ўжо быў на Акрэсьціна. Толькі пасьпеў у суботу маме сказаць, што мяне затрымалі. У панядзелак мама прыйшла на суд, і я праз скайп здолеў ёй сказаць адрас, дзе былі сабакі. Другая пакута была для сабак, калі прыехаў кіноляг зь вяроўкамі і сіламі, каб іх адтуль дастаць і перавезьці ў бясьпечнае месца, у гатэль для жывёлаў. Там яны мяне і чакалі з турмы. Гэта была моцная пакута для іх. Падчас другога арышту ў мяне быў ужо іншы адрас і сабакі заставаліся дома, у пакоі, знаёмыя прыходзілі да іх пакарміць і выгуляць.
Тэтры, Пусік і Бімба цяпер жывуць у Вільні разам з гаспадаром. Музыка плянуе яшчэ двух сабак забраць з Грузіі (гэта бацькі Тэтры). Ціматэ Суладзэ разважае, ці варта стварыць структуру для дапамогі свойскім жывёлам гаспадароў, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій.
— Я хацеў стварыць фонд кшталту ByHelp і BySol. Папярэдняя назва — ByPet, але пасьля гісторыі з самалётам, калі наглуха закрылі мяжу, я думаю, ці актуальна гэта цяпер. Я магу стварыць такі фонд, які дапамагаў бы людзям, якія зьяжджаюць з хатнімі гадаванцамі, але ці будзе ён карыстацца попытам, ня ведаю.
«Я адчуваю вялікую віну перад сваёй коткай»
Журналістка Яўгенія Доўгая летась у кастрычніку была вымушаная зьехаць зь Беларусі ва Ўкраіну дзеля бясьпекі. У Менску засталася яе 14-гадовая котка Моця.
— Думала, што паеду на некалькі месяцаў. Пасьля Новага году стала ясна, што вярнуся ня хутка. Было зразумела, што, хутчэй за ўсё, крымінальнай справы не пазьбегнуць. У мяне не атрымалася адправіць котку ў іншую краіну, таму што яна вельмі старая. У 14 гадоў любое перамяшчэньне ў пераносцы — дзікі стрэс. Маю котку завуць Моця, або Мацільда, яна даўгашэрсная брытанка.
Спачатку Моця жыла ў родных Яўгеніі, але нядаўна тэрмінова давялося шукаць ёй новага гаспадара, расказвае Яўгенія.
— Я адчуваю вялікую віну перад сваёй коткай. Яна вельмі прывязаная да мяне, а тут ёй даводзіцца мяняць сваё жыцьцё таксама. Знаёмая дзяўчына, колішняя гераіня аднаго майго матэрыялу, пагадзілася забраць котку. Літаральна сёньня я ўжо глядзела на фатаграфіі Моці ў новым доме. Пакуль што мы дамовіліся, што яе будуць глядзець, пакуль я не прыеду. Але, паколькі котка старэнькая ўжо, я разумею, што магу яе ня ўбачыць. Моцна сумую па ёй.
«У сярэднім два месяцы трэба на тое, каб зрабіць усе дакумэнты на выезд для свойскай жывёлы»
Фэм-, квір-актывістка, праваабаронца Дар’я Чурко вымушана зьехала зь Беларусі ад перасьледу ў верасьні 2020 году. Тады ж паўстала пытаньне, каму пакінуць 2-гадовага ката Ўладзіка.
— Кінула кліч у фэйсбуку, адгукнулася мая знаёмая, чыя сястра магла ўзяць ката на нявызначаны тэрмін. Паколькі я думала, што хутка ўсё скончыцца і я вярнуся, то нават не разглядала магчымасьць забраць з сабой свайго ката (месяц-два — і ўсё, мы зноў пабачымся). Аднак у сьнежні вырашыла, што трэба яго перавозіць. Зноў кінула кліч, стала гугліць даведкі для пераезду хатніх гадаванцаў. Была ў жаху, калі даведалася, што ў сярэднім два месяцы трэба на тое, каб зрабіць усе дакумэнты на выезд. Дзяўчына, якая ўзяла котку, занялася даведкамі (я не чакала, што так бывае, што я толькі аплачваю, а яна езьдзіць, незнаёмы мне чалавек усім займаецца).
Потым знайшла лякальны чат, празь які шукала тых, хто неўзабаве паедзе ва Ўкраіну. Адгукнулася дзяўчына, якая пагадзілася ўзяць котку. Дагэтуль я ў лёгкім шоку, што незнаёмыя людзі дапамагаюць незнаёмым людзям, дзейнічае толькі давер — і гэта выдатна!
Дар’я купіла кату квіток на самалёт (тады яшчэ яны ляталі). У дзень вылету высьветлілася, што аднаго дакумэнту не хапае. Дапамагла сястра — тэрмінова паехала на вэтэрынарную станцыю, правяла там шмат гадзін, але ў выніку патрэбны дакумэнт атрымала.
— У мяне быў жудасны стрэс. Чаканьне прылёту... Урэшце ўначы ў аэрапорце я забрала свайго Ўладзіка. Мы сустрэліся пасьля 7 месяцаў расстаньня. Вельмі рада і ўдзячная ўсім, хто мне дапамагаў. Гэта супэрважна — быць у эміграцыі не адной, быць тут з жывёлай, зь якой шмат пражыта разам у Менску.
«Калі сустракала ў аэрапорце, арыентавалася на страшэнны крык Персіка»
Кот Персік, гадаванец Насты і Зьмітра Паліенкаў, нарадзіўся 30 жніўня 2020 году, у дзень, калі праходзіў адзін з маршаў у Менску. У лістападзе стала зразумела, што былому палітвязьню і ягонай жонцы давядзецца зьехаць, каб застацца на волі. Расказвае Наста:
— Выяжджалі ў сьпешцы, таму часу зрабіць прышчэпкі і дакумэнты для ката ў нас не было. Пакінулі яго ў сяброў і паехалі ў Польшчу. Празь некалькі месяцаў, калі асвоіліся і нанялі кватэру, паўстала пытаньне, як перавезьці ката да нас.
Сябры зрабілі кату ўсе патрэбныя прышчэпкі і пашпарт, за што Наста вельмі ўдзячная.
— Знайшлі толькі аднаго чалавека, які мог нам дапамагчы. Праблема была ў тым, што яго самога маглі арыштаваць ня сёньня, дык заўтра. Але выбару ў нас не было. Ноччу мне патэлефанавалі і сказалі, што чалавека, які вёз ката, завярнулі на беларускай мяжы. Добра, хоць не арыштавалі. Пад раніцу ён вярнуўся ў Берасьце, і мы сталі думаць, як перасекчы мяжу. Вырашылі паспрабаваць праз Украіну, але ў той дзень пачалі зьяўляцца паведамленьні, што мужчын празь беларуска-ўкраінскую мяжу не прапускаюць. Заставаўся толькі варыянт — ляцець на самалёце зь Менску.
За гэтыя дні кот вельмі выматаўся і ўвесь час крычаў, а ў чалавека, які яго вазіў, пачалася жудасная алергія на жывёлу. Гэта былі цяжкія дні. У выніку яны ўсё ж пасьпяхова селі ў самалёт, а калі я сустракала іх у аэрапорце, то арыентавалася на жудасныя крыкі Персіка. Не ўяўляю, які стрэс ён перажыў, але нарэшце быў з намі. Кот хутка прыйшоў у норму, цяпер усё добра. У найбліжэйшай будучыні мы задумваемся аб тым, каб узяць яшчэ аднаго ката з прытулку.
Як каты з сабакам памяняліся гаспадарамі
Спадарыня Тамара, ахвяра гвалту сілавікоў, прыехала ў Чэхію па ўрадавай праграме дапамогі ахвярам рэпрэсій у Беларусі Medevak.
— Сваіх двух катоў мне давялося пакінуць у Менску, бо я ляцела зь цяжкай траўмай і не магла фізычна штосьці везьці, акрамя заплечніка. Дый часу не было зрабіць катам патрэбныя прышчэпкі...
Так атрымалася, што ў Чэхію ляцеў знаёмы, які ня ведаў, што рабіць са сваім сабакам — пакідаць ці забіраць. Хацеў, вядома, забраць, але ў Чэхіі сабаку не было дзе жыць. У выніку мы дамовіліся, што часова яго сабаку забяру да сябе на ператрымку. Цяпер мае каты жывуць у сяброў у Беларусі, а сабака іншага майго сябра жыве ў мяне. Такі абмен атрымаўся.
Сабака жыве ў Тамары ўжо пяць месяцаў. І дзякуючы гадаванцу жанчына стала больш рухацца.
— Можна сказаць, што я пачала хадзіць дзякуючы сабаку (у мяне было калена зламанае). Адзін мой кот вельмі добра прыжыўся ў сям’і знаёмых, з другім — горшая сытуацыя, вельмі спадзяюся, што атрымаецца яго перавезьці ў Чэхію.
«Было 30 хвілін на зборы, сабаку не змаглі ўзяць з сабой»
Тацяна Кулевіч зь сям’ёй зьехала ў верасьні ў Латвію з палітычных матываў. Жанчына расказвае, што было літаральна 30 хвілін на зборы. І сабаку Фрэда не змаглі забраць з сабой.
— Я патэлефанавала маме і папрасіла, каб яна прыехала (яна жыве ў іншай вобласьці) паглядзець сабаку. Мы былі ўпэўненыя, што вернемся тыдні праз два-тры, таму мама пагадзілася пасядзець з Фрэдам. Мы ёй пакінулі ключы ад дома пад дыванком, нават не пасьпелі разьвітацца.
Пасьля ад’езду нам працягвалі паступаць пагрозы. Мужа Руслана з Фрэдам пачалі паказваць па тэлевізары. У Латвіі настойвалі, каб мы не зьяжджалі. І Руслану таксама перадавалі інфармацыю, што яму лепей не вяртацца. Так і зацягнуліся гэтыя два тыдні на паўгода ў Латвіі. Я шмат разоў зьбіралася ехаць забіраць сабаку, але мяне ўгаворвалі гэтага не рабіць.
Тацяна разумела, што маме было вельмі цяжка, бо даводзілася тройчы на тыдзень езьдзіць з адной вобласьці ў другую па 5 гадзін.
— Потым мама проста перавезла Фрэда да сябе дадому, і жылі яны ў малой кватэры з сабакам, дзіцем і катамі. Гэта сапраўдны дурдом, я ня ведаю, як яна справілася.
Пасьля 6 месяцаў у Латвіі сям’я пераехала ў Польшчу. І трэба было тэрмінова вырашаць, як перавезьці сабаку, бо маці зьбіралася зьяжджаць у іншую краіну, успамінае Тацяна:
— Самі паехаць не маглі, хоць я вельмі хацела. Мы пыталіся ў людзей, можа, хто перавозіў жывёлаў. Нам расказалі пра перавозчыкаў, тыя папрасілі за перавоз 300 эўра, у нас такіх вольных грошай няма. Пры гэтым яны не гарантавалі выніку на 100%. У Польшчы мы пазнаёміліся зь іншымі беларусамі, і ў выніку знайшоўся чалавек, які пагадзіўся дапамагчы. Было вельмі складана кантраляваць увесь працэс на адлегласьці. Зьвязаліся з вэтэрынарнай клінікай, дзе нам вельмі дапамаглі. Вырашалі пытаньні з дакумэнтамі тыдзень-паўтара. Потым мама прывезла сабаку ў Горадню, адтуль нам Фрэда і перавезьлі. Мы былі вельмі шчасьлівыя. Заплацілі за перавозку каля 50 эўра.
Фрэд ужо адаптаваўся, хоць раней вельмі стрэсаваў праз доўгую дарогу. Але цяпер усё добра. Гэтым летам у нас у плянах паказаць яму мора.