Украіна мае далучыцца да першых двух пакетаў санкцый ЭЗ у дачыненьні да Лукашэнкі і ягонага атачэньня – урад Украіны 7 ліпеня пагадзіўся з прапановай Міністэрства замежных спраў аб далучэньні да санкцый, ухваленых Эўразьвязам 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 году.
Цяпер спэцыяльныя эканамічныя і абмежавальныя захады будуць накіраваны на разгляд Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і ў выпадку ўхваленьня набудуць юрыдычную моц пасьля іх зацьвярджэньня адмысловым указам украінскага прэзыдэнта.
Праект рашэньня падрыхтавала Міністэрства замежных спраў Украіны. 6 траўня яго разгледзеў урадавы камітэт.
Рашэньні Эўразьвязу ад 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 году прадугледжваюць забарону на паездкі ў Эўразьвяз і замарожваньне актываў 52 чалавек.
Як патлумачыла Міністэрства замежных справаў Украіны ў дакумэнце, увядзеньне гэтых санкцый зьяўляецца «неадкладным і эфэктыўным рэагаваньнем на пагрозы нацыянальным інтарэсам і бясьпецы Ўкраіны» і «дазволіць Украіне больш эфэктыўна абараняць правы грамадзян Украіны ў Беларусі, а таксама дзейнічаць згодна з пагадненьнем аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўразьвязу ў частцы канвэргенцыі зьнешніх палітык».
Украіна таксама абавязваецца паінфармаваць усіх сваіх партнэраў аб увядзеньні пэрсанальных спэцыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў у дачыненьні да фізычных асобаў Беларусі, датычных да фальсыфікацыі вынікаў прэыздэнцкіх выбараў ў жніўні 2020 году.
Эўразьвяз ужо ўхваліў чатыры пакеты санкцый у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, ягонага атачэньня і шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер рыхтуецца пяты пакет санкцый.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».