Раней Фэдэральная служба бясьпекі РФ (ФСБ) заявіла, што затрымала консула Эстоніі ў Санкт-Пецярбургу Марта Лятэ пасьля таго, як ён быў выкрыты ў атрыманьні канфідэнцыйнай інфармацыі ад грамадзяніна Расеі.
«Гэтая дзейнасьць несумяшчальная са статусам дыплямата і мае відавочны варожы характар у адносінах да Расейскай Фэдэрацыі, — гаворыцца ў заяве ФСБ. — Да замежнага дыплямата будуць ужытыя меры ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».
Адносіны Расеі з эўрапейскімі краінамі ў апошнія месяцы абвастрыліся пасьля шэрагу абвінавачваньняў у шпіянажы на адрас расейскіх дыпляматаў у Эўропе. Адбылася ўзаемная высылка дыпляматаў з такімі краінамі ЭЗ, як Італія, Баўгарыя, Чэхія і Румынія.
Афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных справаў Эстоніі Аары Лемік заявіла, што ФСБ затрымала Лятэ на паўтары гадзіны пасьля таго, як ён пакінуў рабочую сустрэчу ў Санкт-Пецярбурскім палітэхнічным унівэрсытэце.
«Абвінавачаньне ў тым, што ў яго былі сакрэтныя дакумэнты, цалкам беспадстаўнае. Гэта правакацыя. Увесь інцыдэнт быў інсцэніроўкай», — сказала яна.
«Мы лічым гэта чарговым прыкладам таго, што Расея выбірае канфрантацыю замест таго, каб зьмяніць нэгатыўную тэндэнцыю ў адносінах з краінамі-чальцамі ЭЗ», — дадала Лемік.