Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі прынялі закон аб біяэтыцы, які дае ўсім жанчынам права на ЭКА


Будынак Нацыянальнага сходу, Парыж
Будынак Нацыянальнага сходу, Парыж

Парлямэнт Францыі канчаткова прыняў закон аб біяэтыцы зь яго галоўным палажэньнем аб праве на экстракарпаральнае апладненьне (ЭКА) для ўсіх жанчын, у тым ліку адзінокіх і ў зарэгістраваным аднаполым шлюбе, паведаміла RFI.

На абмеркаваньне закону пайшло больш за 500 гадзін.

Закон аб біяэтыцы быў канчаткова прыняты ў аўторак увечары ў Нацыянальным сходзе Францыі. «За» прагаласавалі 326 дэпутатаў, «супраць» — 115. Устрымаліся 42 парлямэнтарыі.

Дэпутаты кіроўнай большасьці сустрэлі вынікі галасаваньня воплескамі. Кіраўнік фракцыі прэзыдэнцкай партыі «Наперад, Рэспубліка!» (LREM) Крыстоф Кастанэр назваў дзень галасаваньня гістарычным днём для грамадзкага прагрэсу. Прэм’ер-міністар Жан Кастэкс вітаў «закон свабоды, прагрэсу і роўнасьці».

Пашырэньне права на дапаможныя рэпрадукцыйныя тэхналёгіі — адна з буйных рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю грамадзкіх дачыненьняў.

Цэнтральная мера закону аб біяэтыцы — наданьне права доступу да дапаможнай рэпрадукцыйнай тэхналёгіі ЭКА ўсім жанчынам.

Да гэтага часу права на экстракарпаральнае апладненьне мелі толькі гетэрасэксуальныя пары ў выпадку мэдычных праблем, зьвязаных з бясплодзьдзем. Паводле новага закону, права на ЭКА атрымліваюць усе жанчыны ва ўзросьце да 43 гадоў, у тым ліку адзінокія і тыя, хто жыве ў аднаполым шлюбе.

Працэдура экстракарпаральнага апладненьня (ЭКА) будзе аплачвацца сыстэмай абавязковага мэдычнага страхаваньня.

Закон аб біяэтыцы, які пашырае права на ЭКА, паступіў на разгляд парлямэнту восеньню 2019 году. Нацыянальнаму сходу доўга не ўдавалася ўзгадніць кампрамісны варыянт. На абмеркаваньне законапраекту пайшло больш за 500 гадзін, а апазыцыя ўносіла тысячы паправак, імкнучыся затармазіць працэдуру. У мінулы чацьвер у апошнім чытаньні Сэнат зноў «забракаваў законапраект», але паводле закону апошняе слова засталося за Нацыянальным сходам Францыі.

Што трэба ведаць пра ЭКА

  • ЭКА ці экстракарпаральнае апладненьне выкарыстоўваюць у сьвеце больш за 40 гадоў. Больш за 8 мільёнаў дзяцей у сьвеце нарадзіліся дзякуючы ЭКА. Гэта насельніцтва Аўстрыі ці Швайцарыі. У Даніі каля 10% дзяцей нараджаюцца праз ЭКА.
  • У 2018 годзе ў Беларусі каля 1000 дзяцей нарадзіліся з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналёгій, у тым ліку ЭКА.
  • Першае дзіця нарадзілася праз ЭКА 43 гады таму ў Вялікабрытаніі. Вынаходнік мэтаду Робэрт Эдвардз атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне ў 2010 годзе.
  • ЭКА дазваляе мець дзяцей у выпадках бясплодзьдзя. Яйкаклетку здабываюць з арганізму жанчыны і апладняюць штучна ва ўмовах «in vitro», атрыманы эмбрыён утрымліваюць ва ўмовах інкубатара, дзе ён разьвіваецца на працягу 2-5 дзён, пасьля чаго перасаджваюць у матку жанчыны для далейшага разьвіцьця.
  • Ва Ўкраіне, Расеі, Чэхіі, ды іншых краінах ЭКА робіцца бясплатна пры пэўных умовах. У Беларусі адна спроба ЭКА каштуе ў сярэднім каля 5 тысяч рублёў, у залежнасьці ад мэдыкамэнтаў, абсталяваньня і мэдычнага цэнтру.
  • Беларускія ўлады зьбіраліся зрабіць бясплатнай першую працэдуру ЭКА. Супраць выступіла каталіцкая царква. У Беларусі каля 14% сем’яў ня могуць зачаць дзяцей самастойна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG