Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд спартовай салідарнасьці заклікаў пазбавіць Беларусь права на трансьляцыю Алімпіяды


Трыятлён, архіўнае фота
Трыятлён, архіўнае фота

Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) Аляксандра Герасіменя заклікала арганізацыйны камітэт Алімпіяды ў Токіё прыняць да ўвагі інцыдэнт з затрыманьнем у Менску ўдзельнікаў гонкі трыятляністаў і пазбавіць беларускія дзяржаўныя мэдыя права на трансьляцыю Гульняў-2020.

Таксама кіраўніцтва фонду патрабуе ад міжнародных спартовых фэдэрацый забраць у Беларусі права на правядзеньне любых рэйтынгавых турніраў. Заява апублікаваная на старонках BSSF у сацсетках.

26 чэрвеня падчас спаборніцтваў у трыятлёне ў Менску сілавікі затрымалі Арцёма Казімірчыка, Аляксандра Клімянкова і Юрыя Сямашку. Спартоўцаў даставілі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а затым у ІЧУ да суду.

Менская міліцыя ў афіцыйным камэнтары паведаміла, што «трое мужчын дэманстратыўна выкрыквалі лёзунгі пратэставага кшталту» і гэта зьявілася падставай для іх затрыманьня.

У сваю чаргу алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя запэўніла: фонд зробіць усё, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у выкарыстаньні празьмернага і беспадстаўнага гвалту проста падчас спаборніцтваў і дапаможа пацярпелым.

Яна таксама зьвярнула ўвагу, што дзяржаўныя СМІ пасьля інцыдэнту распаўсюдзілі «прызнаньні» затрыманых. Гэты інцыдэнт чарговы раз даказвае, што ў Беларусі ніводнаму спартоўцу, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў ня можа быць гарантаваная бясьпека.

«Наш фонд неаднаразова папярэджваў міжнародныя арганізацыі пра небясьпеку правядзеньня якіх-небудзь спартовых мерапрыемстваў. Мы зноў бачым, як арганізатары нават адкрытых нацыянальных спаборніцтваў ня ў стане супрацьстаяць гвалту і беззаконьню. Такая сытуацыя ставіць пад сумнеў магчымасьць правядзеньня нават аматарскіх стартаў», — гаворыцца ў заяве.

У зьвязку з гэтым Беларускі фонд спартовай салідарнасьці заклікаў узмацніць ціск на рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі і пазбавіць яго чарговай забавы — тэлетрансьляцый Алімпійскіх гульняў у Токіё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG