Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 сутак запар. Былога міліцыянта ня выпусьцілі з Акрэсьціна і арыштавалі трэці раз


Ягор Емяльянаў
Ягор Емяльянаў

21 чэрвеня трэці раз арыштавалі былога міліцыянта Ягора Емяльянава, які адмовіўся летась у жніўні ўдзельнічаць у здушэньні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся зь міліцыі. Агулам на «сутках» ён правядзе найменей 40 дзён.

20 траўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па Ягора Емяльянава на ягонае новае працоўнае месца ў менскім фітнэс-цэнтры, нагадвае «Вясна». Два супрацоўнікі ў цывільным прапанавалі праехаць зь імі ў Савецкі РУУС для «ўдакладненьня дадзеных па фотаробаце». У выніку затрымалі.

За тыдзень да таго Ягор Емяльянаў даў інтэрвію спартоваму рэсурсу «Трыбуна», а 19 траўня на «Белсаце» выйшаў матэрыял пра сілавікоў зь яго ўдзелам.

Асудзілі двойчы (21 і 24 траўня), кожны раз на 15 сутак. Першы раз у судзе Савецкага раёну справу разглядаў Сяргей Шаціла на падставе пратаколу паводле арт. 19.1 КаАП, згодна зь якім экс-міліцыянт «наўмысна з хуліганскіх памкненьняў абразьліва чапляўся да грамадзян, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі не рэагаваў».

Праз тры дні справа Емяльянава зноў зьявілася ў раскладзе працэсаў, гэтым разам яе разглядала судзьдзя Алена Жуковіч. Як і раней, суд пачаўся пасьля заканчэньня працоўнага дня. Ягора Емяльянава прывялі ў кайданках.

З новага пратаколу вынікала, што парушэньне паводле арт. 24.3 КаАП зафіксавалі праз 20 хвілін пасьля «хуліганства». Будучы затрыманым, «адмовіўся прайсьці ў Савецкі РУУС і спрабаваў уцячы, чым аказаў непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі».

Адвакат хадайнічаў аб далучэньні відэа, на якім відаць, што ў пазначаны час Ягор Емяльянаў разам зь людзьмі ў цывільным ішоў добраахвотна, не зьдзяйсьняючы супрацьпраўных дзеяньняў. Аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва і прысудзіла чарговыя 15 сутак арышту.

19 чэрвеня Ягора Емяльянава павінны былі вызваліць, але чарговым разам пакінулі пад вартай. 21 чэрвеня ў судзе Савецкага раёну справу разгледзеў судзьдзя Аляксандар Воўк. На Емяльянава склалі пратакол паводле арт. 23.4 КаАП. Маўляў, калі вывезьлі з ІЧУ ў Савецкае РУУС, там ён «аказаў непадпарадкаваньне службовай асобе, не хацеў выходзіць з машыны, упіраўся нагамі, хапаўся рукамі».

У выніку судзьдзя пакараў яго 10-суткавым арыштам. Агулам за кратамі былы міліцыянт правядзе 40 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG