Абноўленыя дадзеныя «Росстата», якія ўключаюць анэксаваны Крым, прыводзіць выданьне РБК.
У Татарстане ў 2020 годзе натуральнае зьмяншэньне (перавышэньне сьмяротнасьці над нараджальнасьцю) складала 12 981 чалавек — гэта ў 72 разы больш, чым у 2019 годзе, калі зьмяншэньне насельніцтва рэгіёну, паводле афіцыйных дадзеных, склала 180 чалавек.
У Санкт-Пецярбургу зьмяншэньне насельніцтва павялічылася ў 47 разоў — з 308 чалавек у 2019 годзе да 17 948 чалавек у 2020 годзе.
Масква, паводле дадзеных «Росстата», стала лідэрам у абсалютным зьніжэньні колькасьці насельніцтва. У 2019 годзе насельніцтва сталіцы вырасла больш чым на 16 тысяч чалавек, а ў 2020 годзе скарацілася амаль на 25 тысяч.
Зьмяншэньне насельніцтва паскорылася ў Астраханскай вобласьці (у 6 разоў), на Камчатцы (у 5,2 разы), у Забайкальскім краі (у 3,3 раза) і Томскай вобласьці (у 3 разы), адзначае выданьне.
Летась Расея выйшла на першае месца ў агульнай сьмяротнасьці сярод буйных разьвітых краін. У сьнежні 2020 году ў краіне памерла рэкордная колькасьць грамадзянаў за ўсю яе гісторыю (243 тысячы чалавек), калі не лічыць Другой сусьветнай вайны. Віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава пацьвердзіла, што 81% сьмерцяў зьвязаны з COVID-19 альбо з ускладненьнямі пасьля яго.
Днямі «Росстат» абнавіў статыстыку аб памерлых ад COVID-19 у 2020 годзе. Паводле новых дадзеных, з красавіка па сьнежань мінулага году ў Расеі ад каранавіруснай інфэкцыі памёр 144 691 чалавек.
Спэцыялісты-дэмографы, абапіраючыся на статыстыку сьмяротнасьці ў РФ, у тым ліку на афіцыйныя дадзеныя «Росстата», выказалі здагадку, што афіцыйная статыстыка сьмерцяў ад COVID-19, хутчэй за ўсё, не адлюстроўвае рэальнасьці. Так званая «залішняя сьмяротнасьць», то бок перавышэньне колькасьці сьмерцяў у параўнаньні з папярэднімі гадамі, за 2020 год у Расеі склала каля 360 тысяч чалавек. Па ацэнцы Reuters, з улікам першага кварталу 2021 году яна перавысіла 400 тысяч.