ЗША і ЭЗ плянуюць запусьціць на наступным тыдні рамачны мэханізм для ўзгадненьня палітыкі ў дачыненьні да Расеі, паведаміла інфармагенцтва Bloomberg News.
Расея выклікае ўсё больш крытыкі з боку Захаду ў сувязі з парушэньнем міжнародных нормаў і пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека.
На сустрэчы з удзелам прэзыдэнта Джо Байдэна і лідэраў 27 краін ЭЗ у Брусэлі 15 чэрвеня яны заявяць, што «для каардынацыі палітыкі і дзеяньняў» будзе створаны «дыялёг высокага ўзроўню ЭЗ і ЗША па Расеі», гаворыцца ў праекце высноў саміту, зь якім азнаёмілася Bloomberg News.
Байдэн адправіцца на саміт ЭЗ-ЗША адразу пасьля паседжаньня «Вялікай сямёркі» і сустрэчы лідэраў NATO.
Пасьля гэтага Байдэн сустрэнецца з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у Жэнэве.