Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая выступіла ў чэскім Сэнаце. Да чаго яна заклікала


Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Сенату Чэхіі Мілаш Выстрцыл пасьля сустрэчы ў Празе
Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Сенату Чэхіі Мілаш Выстрцыл пасьля сустрэчы ў Празе

Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў чэскім Сэнаце са зваротам да сэнатараў і народу краіны. Гэта другі выпадак у гісторыі, калі з высокай трыбуны прамаўляў ня чэх.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала сябрам Сэнату за магчымасьць выступіць ад імя беларускага народу ў той час, калі ён перажывае адзін з найважнейшых і найцяжэйшых момантаў сваёй гісторыі.

«Беларуская гісторыя мае шмат падабенстваў з чэскай, а сувязі паміж нашымі краінамі налічваюць не адно стагодзьдзе. Менавіта ў Празе больш за паўтысячы гадоў таму гуманіст Францішак Скарына надрукаваў сваю першую Біблію. У прадмове да яе ён напісаў на старой беларускай мове, што ўсе людзі да таго месца, дзе нарадзіліся, „вялікую ласку маюць“. Але любіць сваю радзіму — гэта значыць несьці адказнасьць за яе. І драма беларусаў і чэхаў доўгі час была ў тым, што яны не маглі самі свабодна правіць на сваёй зямлі», — адзначыла ў прамове Сьвятлана Ціханоўская.

Яна нагадала, што 100 гадоў таму беларускі і чэскі народы абвесьцілі незалежнасьць, але іхны лёс склаўся па-рознаму. Беларусь не ўтрымалася як самастойная дзяржава і была гвалтоўна ўключаная ў склад СССР. Але дэмакратычны ўрад працягнуў працу за мяжой, у тым ліку ў Чэхіі, якая гасьцінна іх прыняла. Напярэдадні Сьвятлана Ціханоўская з паплечнікамі ўшанавала памяць прэзыдэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі на Альшанскіх могілках — памяць патрыётаў, якія спадзяваліся ўбачыць сваю краіну незалежнай.

«Але пасьля іх мы ўбачылі, што незалежнасьць не абавязкова азначае свабоду. Незалежная краіна таксама можа зрабіцца несвабоднай, калі ў ёй зьневажаюць закон і чалавечую годнасьць. Таму змаганьне працягваецца, і цяпер у нас ёсьць вялікі шанец ажыцьцявіць мару пра свабодную, дэмакратычную Беларусь — такую, якая натхняла пакаленьні нашых папярэднікаў», — падкрэсьліла яна.

Апошні год беларусы ствараюць гістарычныя падзеі, калі за адзін дзень здараецца болей, чым за цэлае дзесяцігодзьдзе, працягнула Сьвятлана Ціханоўская, правёўшы паралелі з падзеямі ў Чэхаславаччыне 1968 году.

«Год таму рэжым Лукашэнкі адмовіўся ад клопату пра жыцьцё людзей, пакінуўшы іх сам-насам з каранавірусам. Але замест таго, каб разгубіцца, беларусы самаарганізаваліся, пачалі дапамагаць лекарам і адно адному. Народ адчуў сілу і аб’яднаўся ўжо дзеля абароны сваіх правоў, у тым ліку і права голасу. Незалежныя кандыдаты, у тым ліку мой муж Сяргей Ціханоўскі, былі затрыманыя і кінутыя за краты. Рэжым адказаў тэрорам, якога мы ня бачылі са сталінскіх часоў. Нашыя мірныя пратэсты цягнуцца ўжо больш за 300 дзён. І не было ні дня бяз арыштаў і гвалту — дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз турмы, тысячы знаходзяцца там цяпер».

Дзесяць месяцаў улада вядзе вайну супраць уласнага народу, дзесяць месяцаў беларусы не здаюцца і ідуць наперад, заявіла Сьвятлана Ціханоўская. Некаторыя сумна жартуюць, дадала яна, што каб Кафка жыў у наш час, то перастаў бы пісаць, бо большага абсурду, чым суды ў Беларусі, ня змог бы прыдумаць. Калі ў краіне ня дзейнічаюць законы, робіцца нібыта нармальным, што саджаюць у турму за колер штаноў ці пазногцяў. Бо сьведкі на судах — ананімныя міліцыянты ў масках, якія выступаюць празь відэасувязь.

Да чаго заклікала Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская заклікала Чэхію займаць пасьлядоўную пазыцыю ў дачыненьні да нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, а ўсе яго рашэньні і дамоўленасьці лічыць незаконнымі.

  • Прызнаць злачыннымі КДБ, АМАП, ГУБАЗіК ды іншыя арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць тэрор супраць насельніцтва.
  • Пачаць справы супраць вінаватых у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі.
  • Ініцыяваць Міжнародны трыбунал, каб правесьці расьсьледваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў мінулым і пасьля выбараў-2020.
  • Арганізаваць канфэрэнцыю высокага ўзроўню дзеля выхаду Беларусі з крызісу і свабодныя выбары зь міжнародным назіраньнем.
  • Павялічыць падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасьці — студэнтаў, мэдыкаў, страйкавых камітэтаў ды іншых ініцыятываў.
  • Асаблівую ўвагу прысьвяціць бясьпецы актывістаў і журналістаў, падтрымаць традыцыйныя і новыя мэдыі — «Эўрарадыё», «Белсат», Радыё Свабода; Youtube-блогераў, тэлеграм-каналы, праекты самвыдату.
  • Пашырыць праграмы падтрымкі для параненых і сем’яў рэпрэсаваных, павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускай моладзі.
  • Асобна Сьвятлана Ціханоўская заклікала Чэхію і Эўразьвяз прыняць чацьвёрты пакет эканамічных санкцый і ініцыяваць пяты. У сьпіс мусяць трапіць памагатыя рэжыму, судзьдзі, пракуроры, сілавікі, бізнэсоўцы.
  • Яна таксама прапанавала спыніць гандаль нафтапрадуктамі і ўгнаеньнямі, адмовіцца ад інвэстыцый і крэдытаў для кампаній і банкаў, якія на самай справе служаць крыніцай даходу для дыктатара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG