Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі просіць Байдэна аб неадкладнай сустрэчы да саміту ЗША і Расеі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў інтэрвію амэрыканскаму інтэрнэт-парталу Axios, у якім выказаў расчараваньне адменай санкцыяў супраць «Паўночнага патоку – 2» і чарговы раз заклікаў паскорыць працэс уступленьня Ўкраіны ў NATO.

Адказваючы на пытаньне аб сваёй рэакцыі на заяву прэзыдэнта ЗША Байдэна пра тое, што адміністрацыя прыняла рашэньне ня ўводзіць новых санкцый супраць газаправоду «Паўночны паток – 2», Зяленскі адзначыў, што яго адміністрацыя «вельмі зьдзіўленая». Ён назваў расейскі газаправод «сапраўднай зброяй».

«Гэта зброя ў руках Расейскай Фэдэрацыі, і мне не зусім ясна і нечакана, што патроны для гэтай зброі мусіць падносіць такая вялікая краіна, як ЗША», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што пра рашэньне ЗША адмяніць санкцыі ён даведаўся з прэсы. Аднак ён дадаў, што разумее важнасьць адносін ЗША зь Нямеччынай, якая зацікаўленая ў запуску «Паўночнага патоку – 2».

Паводле вэрсіі парталу, Зяленскі быў зьдзіўлены і расчараваны гэтым рашэньнем і «моліць» Байдэна сустрэцца зь ім перад самітам кіраўніка Белага дому з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 16 чэрвеня. Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, ён гатовы пагаварыць з амэрыканскім лідэрам «у любы момант і ў любым пункце плянэты», цытуе Уладзіміра Зяленскага Axios.

Уступленьне Ўкраіны ў NATO: «Пытаньне мусіць быць вырашана неадкладна»

Камэнтуючы працэс інтэграцыі Украіны ў NATO, Зяленскі заявіў, што з прычыны затрымкі «шмат украінцаў паступова страчвае веру» ў прыняцьце краіны ў альянс.

«Я думаю, што гэта вялікая праблема. Гэта першае. Па-другое, я думаю, што калі нас чакаюць у NATO, калі яны сапраўды хочуць бачыць нас сярод удзельнікаў, то няма сэнсу зазіраць у бінокль у нейкую далёкую будучыню і абмяркоўваць гэтую будучыню. Пытаньне мусіць быць вырашана неадкладна. Цяпер нам пагражае небясьпека, наша незалежнасьць пастаўленая на карту, і нам цяпер патрэбна дапамога. Плян дзеяньняў у прыняцьці ў NATO стане сапраўдным сыгналам», — сказаў Зяленскі.

У заключэньне ён адзначыў, што сытуацыя вакол «Паўночнага патоку-2» і прыняцьця ў NATO паказвае, што «Ўкраіна павінна разьлічваць ня толькі на сваіх партнэраў, але і на сябе».

У траўні намесьніца прэм’ер-міністра Ўкраіны ў пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Вольга Стэфанышына заявіла, што NATO наўрад ці прыме рашэньне аб пляне дзеяньняў па далучэньні для Украіны падчас чэрвеньскага саміту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG