«Мы не дазволім пасварыць беларускую і польскую нацыю; ілжывыя абвінавачваньні ў прапагандзе нацызму подлыя», — заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі польскай супольнасьці ў Беларусі. Яго цытуе PAP.
Анджэй Дуда падкрэсьліў, што да нядаўняга часу яны знаходзіліся ў турме ў Беларусі і былі вызваленыя дзякуючы некалькітыднёвым дыпляматычным намаганьням польскіх уладаў.
«Я хацеў бы падкрэсьліць вельмі рашуча — як польскія ўлады так і я, як прэзыдэнт Рэспублікі Польшча, буду рабіць усё, каб палякі і беларусы не былі падзеленыя», — сказаў Дуда.
Ён падкрэсьліў, што цяперашнія беларускія ўлады перасьледуюць Саюз палякаў Беларусі.
«Спроба такім чынам падзяліць палякаў з беларусамі праз ілжывыя абвінавачваньні ў прапагандзе нацызму, што, відавочна, было драмай як для беларусаў, так і для палякаў падчас Другой сусьветнай вайны, што прывяло да зьнішчэньня сем’яў, гнюснае абвінавачваньне, гэта жудаснае абвінавачаньне», — заявіў прэзыдэнт Польшчы.
«Але я хачу падкрэсьліць, што мы не дазволім такім чынам пасварыць нашы грамадзтвы, беларускую і польскую нацыі», — падкрэсьліў ён.
У беларускіх турмах засталіся двое зьняволеных у справе — Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Вядома, што яны адмовіліся ад дэпартацыю ў Польшчу.
«Справа палякаў»
10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзеньне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасьцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазьней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманьнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.
23 сакавіка ў Горадні затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні — Анджэя Пачобута.
Усіх арыштаваных у «польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.