Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: чэрвень


Адольф Шродтэр «Дон Кіхот чытае раманы» (1834)
Адольф Шродтэр «Дон Кіхот чытае раманы» (1834)

Балючыя тэмы беларускіх рэалій паўстаюць са старонак новых літаратурных публікацый. Абмінуць штодзённую злыбеду ня могуць ні паэты, ні празаікі, а літаратуразнаўцы знаходзяць актуальныя тэмы нават у творах стогадовае даўніны.

У нашым штомесячным аглядзе — выдавецкія навінкі чэрвеня.

Паэзія

Дар’я Бялькевіч. «Сьлёзы на вецер». Менск, «Янушкевіч».

Гэта дэбютная кніга маладой паэткі, пра якую мэтар айчыннага красамоўства Андрэй Хадановіч напісаў: «Даша Бялькевіч не заканчвала філфакаў, затое чытала паэзію і слухала жывых паэтаў. Можа, таму зусім ня хворая на снабізм і ўпэўненая, што творчасьць або дапамагае людзям — або нікому не патрэбная. Пэрфэкцыяністка ва ўсім, яна даводзіць да дасканаласьці кожны штрых. Прыслухоўваецца да магчымасьцяў песьні, як нашы празаікі прыглядаліся да кіно, — і музыкі адказваюць ёй узаемнасьцю. Запісаны тэкст не перадасьць усёй добрай энэргетыкі Дашыных чытаньняў. Але дзе яшчэ, як не на гэтай кнізе, вы атрымаеце аўтограф улюбёнай аўтаркі?»

б’юцца ў вокны галінкамі дрэвы
рабі стрэлы
птушка дзюбай драпае шкло
бяры пяро

коціцца ў ногі чорны каменьчык
вастры наканечнік
слухай, я кепска страляю з лука
божа, кожны робіць тое, што можа

мы разам шукаем дарогу, якая ідзе ўгару
у хвіліны маўчаньня нараджаюцца ворагі
я гавару

Анхела Эспіноса Руіс. «Трынаццаць сутак». Беларусь, прыватная ініцыятыва.

Новы малюсенькі, але вельмі кранальны зборнік маладой гішпанкі, якая піша па-беларуску, не пакіне абыякавым, бадай, ніводнага чытача. «Трынаццаць сутак» — гэта балючая нізка вершаў, якая перарасла ў прыгожую кніжачку з элегантнымі, магічнымі выцінанкамі. Адзін верш за кожны дзень і кожную ноч, якія каханы паэткі правёў у турмах (спачатку на Акрэсьціна, потым — у Жодзіне). Але аўтарка падкрэсьлівае, што зборнік задуманы як знак падтрымкі ўсім тым, хто цяпер змагаецца, хто чакае кагосьці з турмы, хто быў вымушаны пакінуць радзіму, або трымае ў сэрцы боль за Беларусь і за ўсё чалавецтва.

«Таму я ня буду яго „прадаваць“ у звычайным сэнсе, — зазначае Анхела, — а аддам на абмен за добры ўчынак — любы, што ў вашых сілах. Хтосьці, можа, напіша пару лістоў палітвязьням. Хтосьці сходзіць на пікет у Вільні. Хтосьці мо пералічыць грошы сямʼі закладніка рэжыму. Грошы сама магу браць, але толькі за пошту і каб нейкі ганарар даць цудоўным людзям, якія дапамаглі (потым спытаю, ці можна пісаць тут іх імёны, бо #саміманіпаіця).

Гэтая кніга для мяне — увасабленьне сумнага, але сьветлага пачуцьця: упэўненасьці ў тым, што з многімі іншымі годнымі, добрымі, адважнымі людзьмі дзелімся адным болем і адной надзеяй. У вершах ілюстраваная мая асабістая маленькая трагедыя, але таксама ёсьць пасыл салідарнасьці і (актыўнага) чаканьня лепшай долі».

Шостыя суткі

Сасьпелі сьлёзы ў Гэфсыманскім садзе,
Лунае, хоць прыспушчаны, наш сьцяг,
Каханьне захапілі на засадзе,
І перакрыты ўсё ж наш зорны шлях.
Міліцыя ўраджай зьбірае мараў,
За кратамі сьпявае салавей,
Плянуюць навальніцы сходы хмараў,
На мытні затрымаўся Адысэй.
Даўно няма куды схавацца сэрцу:
Адзіны выхад — сесьці на далонь,
Каб на зямлі варʼятаў і зьняверцаў
Паўстаў па вечным сьне сьвяты агонь.

Проза

Ігнат Канчэўскі. «Адвечным шляхам». Менск, выдавец Зьміцер Колас.

У эсэ «Адвечным шляхам» Ігнат Канчэўскі сфармуляваў тры тэзы нацыянальнай ідэі беларусаў, якія актуалізаваліся ў наш час. Гэта быцьцё паміж, няспынная творчасьць і каапэрацыя. Да культавага эсэ складальнік кнігі Ціхан Чарнякевіч далучыў 11 вершаў Канчэўскага. Тэксты друкуюцца паводле першых выданьняў і рукапісаў з захаваньнем аўтарскага правапісу.

Кніга прымеркаваная да 100-годзьдзя першага выданьня эсэ «Адвечным шляхам» і распачынае выдавецкую сэрыю Gradus, што мае на мэце прадставіць новы канон літаратуры на беларускай мове.

Нон-фікшн

Максім Жбанкоў. «Slomo: Хатняя крытыка культурнага дызайну». Менск, «Янушкевіч».

Выдаўцы зазначаюць, што гэта — неардынарная кніга. Яна ўяўляе сабой суплёт пярэстых (стылістычна і моўна) тэкстаў, аб’яднаных агульнай тэмай: айчынная культура мінулага дзесяцігодзьдзя і яе падставовыя праявы. Сам аўтар апісвае яе так: «Гэтая кніжка зь мінулага жыцьця. Якое рэзка скончылася ў жніўні 2020-га. Ранейшыя схемы раптам абнуліліся. Мастацтва культурнага манэўру страціла свой сэнс. Час нанова вучыцца думаць. Дык навошта новай эпосе старыя тэксты? Каб зразумець, што з намі здарылася ўчора. І як мы сталі сёньняшнімі.»

Дзіцячая літаратура

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст. «Мама Му ў басэйне». Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч. Менск, «koska».

Ці ведалі вы, што каровы таксама ходзяць у басэйн? А яшчэ яны ўмеюць катацца па вадасьцёкавых трубах. Ня верыце? Тады вам абавязкова трэба прачытаць гэтую кнігу. Вядома, разам са сваімі дзецьмі.

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст. «Мама Му чытае». Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч. Менск, «koska».

Некаторыя людзі ніколі не былі ў бібліятэцы. А вось некаторыя каровы ходзяць туды рэгулярна, бо ўпэўненыя, што калі чытаеш кнігі, то даведваесься пра ўсё на сьвеце. То можа й людзям варта было б ўзяць прыклад з… кароваў? Ці хаця б з адной зь іх — мамы Му?.

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст. «Мама Му прыбірае». Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч. Менск, «koska».

Выцерці пыл на падвоканьні ды паставіць на яго букет палявых кветак. Ці часта вы гэта робіце? А вось для каровы мамы Му — гэта звычайны занятак… Добрыя дзіцячыя кнігі — павучальныя нават для дарослых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG