Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскі абласны суд яшчэ аднаго асуджанага замест «хіміі» адправіў у калёнію


Ланцуг салідарнасьці ў Ваўкавыску, 12 жніўня 2020
Ланцуг салідарнасьці ў Ваўкавыску, 12 жніўня 2020

Горадзенскі абласны суд замяніў прысуд жыхару Ваўкавыску Аляксандру Патаповічу, асуджанаму паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі).

Замест 2,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову («хімія») яму прызначылі такі ж тэрмін у калёніі агульнага рэжыму.

Палітычная справа Аляксандра Патаповіча стала адной зь першых пасьля леташніх пратэстаў, якую пачалі разглядаць у судзе, піша «Вясна». Працэс расьцягнуўся ад лістапада мінулага году да канца сёлетняга сакавіка. Тады суд Ваўкавыскага раёну пакараў мужчыну 2 гадамі і 6 месяцамі «хіміі».

Згодна з абвінавачваньнем, 9 жніўня ён паспрабаваў наехаць на двух супрацоўнікаў міліцыі, каб «адпомсьціць». Абвінавачаны сваёй віны не прызнаў, бо ніякіх прычын для помсты ня меў, а ад палітыкі ўвогуле далёкі. Прысуд вынесьлі пасьля доўгага перапынку для правядзеньня сьледчага экспэрымэнту.

Аднак дзяржабвінаваўца аспрэчыў «занадта мяккі» прысуд, і 1 чэрвеня Горадзенскі абласны суд прыняў новае рашэньне — аб замене пакараньня на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

Гэта ня першы выпадак, калі абласны суд замяняе пакараньне на больш суровае ў палітычных справах.

Пры канцы сакавіка Мікіту Самарыну, асуджанаму на 4 гады «хіміі» за распыленьне газу ў твар амапаўца, замянілі пакараньне на 2,5 года пазбаўленьня волі. А пэнсіянэра Юзэфа Нямеру, які абараняў жанчыну на акцыі і атрымаў за гэта 2,5 года «хатняй хіміі», суд адправіў у калёнію на 1 год і 6 месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG