Сьцісла
- Абсалютна відавочна, што Раман у стрэсе, але пры гэтым паводзіць сябе вельмі граматна, выконваючы ўсе рэкамэндацыі, як сябе паводзіць, калі цябе ўзялі ў палон.
- Трэба шукаць гэтую мяжу, каб сказаць, што яны хочуць, але такімі словамі, каб не агаварыць сябе.
- Калі параўнаць колькасьць затрыманых у жніўні і колькасьць турэмнікаў, то калі б гэтыя людзі былі ў стане, яны маглі б турму знутры разарваць.
- Усе грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, цяпер закладнікі. Турма можа быць большая ці меншая.
Глядзець размову на відэа цалкам
Прапануем фрагмэнт размовы
«Часам больш важна прайграць бой, каб выйграць вайну»
— Натальля, прызнальныя звароты, запісаныя на відэа, кшталту запісу з Раманам Пратасевічам, вельмі нагадваюць відэазвароты закладнікаў тэрарыстычных груповак. Такія рэчы даўно практыкуюць і ў кадыраўскай Чачні. Як бы вы ахарактарызавалі такую практыку, якую і раней улады Беларусі выкарыстоўвалі, а цяпер яна проста на паток пастаўленая? Як ставіцца да прызнаньняў, зробленых на міліцэйскую камэру?
— Адназначна, як да паказаньняў, дадзеных пад прымусам. Людзі, якія даюць такія паказаньні, знаходзяцца ў закладніках у органах, якія, спадзяюся, будуць прызнаныя і міжнароднай супольнасьцю тэрарыстычнымі. Я ўважліва некалькі разоў паглядзела відэа з Раманам Пратасевічам, параўнала зь іншымі відэа такога кшталту. З даступных 30 сэкундаў складана рабіць высновы, але абсалютна відавочна, што чалавек знаходзіцца ў стрэсе. Пры гэтым Раман паводзіць сябе вельмі граматна. Выконваючы ўсе рэкамэндацыі, якія даюць людзям, каб быць гатовымі да такой сытуацыі — як сябе паводзіць, калі цябе ўзялі ў палон.
— Растлумачце, што значыць — граматна сябе паводзіць.
— Мы ня ведаем, зь якога дубля гэта запіс пісаўся. Мы ня бачым чалавека цалкам. Мы ня бачым ягонага цела. Многія ў камэнтарах пішуць — уяўляем, колькі ў яго сінякоў на целе. Мы гэтага ня ведаем. Рукавы байкі нацягнутыя на рукі, можа, там кайданкі. Агулам ён робіць слушныя рэчы — не супраціўляецца, не агрэсіруе, ён паводзіць сябе пакорна. Не празьмерна пакорна, але робіць тое, што, праўдападобна, яму і загадалі. Так і належыць сябе паводзіць, таму што, калі ты знаходзісься ў палоне, самае важнае там — захаваць сваё жыцьцё. З усім астатнім мы потым разьбярэмся.
«За краіну крыўдую, а ў героі ня рвусь, бо ня любіць герояў мая Беларусь»
— Дык верш пра юнака, які цьвёрда трымаўся на допыце, не актуальны ў сучасных умовах? Ён занадта ідэалягічны, напэўна...
— Ёсьць добрая песьня, у якой такія словы: «За краіну крыўдую, а ў героі ня рвусь, бо ня любіць герояў мая Беларусь». Быць героем і геройстваваць — добра, канечне, але калі шчыра, то далей што? Самае важнае — захаваць сябе, захаваць сябе ў сабраным стане. Людзі, якія цьвёрда трымаюцца сваёй пазыцыі, у тым ліку і ў турме, выклікаюць павагу. А далей што? Мне падаецца, што важна, каб яны захавалі сябе, сваё жыцьцё, сваю псыхіку. Калі мы пачынаем «узбухаць», супраціўляцца, могуць аказаць больш жорсткае ўзьдзеяньне.
Ёсьць яшчэ верагоднасьць, што Рамана ня будуць зьбіваць. Як, спадзяюся, не зьбівалі Віктара Бабарыку. Не чапалі, тых, хто знакаміты. Калі зь людзьмі, якія на слыху, нешта здарыцца, будзе большы розгалас у грамадзтве. А многія шараговыя людзі, на жаль, — радкі ў тэлеграм-каналах. Я вельмі люблю герояў, я вельмі іх паважаю, і, як кажа Маша Калесьнікава, мы ўсе героі, і я таксама герой, бо я таксама выказвала сваю пазыцыю. Але геройствавать трэба разумна, трэба клапаціцца пра сваю бясьпеку, трэба станавіцца на дарослую пазыцыю. Часам больш важна прайграць бой, каб выйграць вайну. Калі вам зламаюць пазваночнік, рукі ці ногі, і вы потым будзеце аднаўляцца год, каму ад гэтага стане лепей?
«У сытуацыі з Раманам дастаткова таго, што яго дзяўчына знаходзіцца ў закладніках»
— Якія псыхалягічныя і фізычныя, мэдыкамэнтозныя мэтады ўзьдзеяньня тут могуць выкарыстоўвацца?
— У сытуацыі з Раманам дастаткова таго, што яго дзяўчына знаходзіцца ў закладніках. Нехта спалохаецца больш за сваё жыцьцё, але пачуцьцё віны і трывогі за іншага чалавека — гэта яшчэ большы рычаг. Таму, калі патрабуюць выкуп, не выкрадаюць мільянэраў, а выкрадаюць іх дзяцей. Псыхалягічны ціск — моцны рычаг. І страх найперш уплывае на нашы дзеяньні. І гэта найгалоўная зброя гэтых службаў. Страх і тэрор — гэта тое, што нам не дае рухацца і робіць нас падкантрольным, на жаль.
— Вы працавалі зь вязьнямі Акрэсьціна ў жніўні-верасьні. Ваш сын прайшоў праз Акрэсьціна ў жніўні. Якая псыхалягічная дапамога патрэбная ахвярам, і ці ўсім яна патрэбная?
— Усіх прымушалі падпісваць паперы, што яны абяцаюць ня браць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У жніўні, калі людзі выходзілі зьбітыя, на іх ня трэба было ўжо аказваць асаблівага ціску. Яны ўжо былі запалоханыя, затэрарызаваныя. Калі ўявіць колькасьць затрыманых у той момант і колькасьць турэмнікаў, то калі б гэтыя людзі былі ў іншым стане, яны маглі б турму знутры разарваць. Але яны былі ў падаўленым і змучаным стане. Усім ім пагражалі турэмнымі тэрмінамі. Гэта сапраўды закладнікі, гэта сапраўды тэрарызм, і дараваць гэта нельга і немагчыма.
— Як ахвярам, якіх змусілі сказаць нешта на камэру, да гэтага ставіцца? Як з гэтым далей жыць? Ці варта стаяць цьвёрда, рызыкуючы здароўем і жыцьцём?
— Я скажу непрыемную рэч. Усе грамадзяне Беларусі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, — закладнікі. І гэта добра памятаць. Турма можа быць большая ці меншая, горшыя ці лепшыя ўмовы зьняволеньня, але ўсе закладнікі, бо ў цяперашняй сытуацыі нават выезд з краіны стаў вялікім пытаньнем.
Калі вы трапляеце ў сытуацыю арышту, захопу, то геройстваваць, супраціўляцца вельмі цяжка. Калі ёсьць магчымасьць пазьбегнуць гэтага, трэба ўцякаць. Калі няма такой магчымасьці і вы разумееце, што сытуацыя безвыходная, трэба ўзяць сябе ў рукі і дыхаць. Важна адчуваць сябе ў сваім целе. У сытуацыі стрэсу бывае адчуваньне, калі чалавек «вылятае» з уласнага цела, не адчувае рукі, ногі... Гэта запускае гарманальны «кактэйль» у арганізьме, калі шкаліць картызол, потым баляць ныркі. Ўсё гэта ў пэрспэктыве прывядзе да сур’ёзнага пагаршэньня здароўя.
Трэба максымальна адчуваць сябе жывым, рабіць зарадку, расьціраць рукі, ногі, старацца выпростваць сьпіну. Па магчымасьці трэба рабіць усё, каб сябе не агаварыць. Вы зможаце гэта зрабіць, калі будзеце адчуваць сябе рэсурснымі хаця б колькі-небудзь. Калі будзеце адчуваць сябе ў безвыходнай сытуацыі (яны робяць, каб так адчувалася), то можа ўзьнікнуць адчуваньне, што я падпішу ўсё што заўгодна, абы мяне выпусьцілі. А гэтага ім якраз і трэба. І тады трэба шукаць гэтую мяжу, каб сказаць, што яны хочуць, але такімі словамі, каб не агаварыць сябе.