Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 27 красавіка: за нацыянальны сьцяг, за подпіс у пратаколе, за каробку ў бела-чырвоных колерах

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сілавікі працягваюць перасьлед за пратэсты. У шэрагу выпадкаў людзі апынаюцца ў міліцэйскім пастарунку нечакана для сябе — увагу міліцыянтаў могуць прыцягнуць выпадковыя рэчы. Свабода сочыць за ператрусамі і судовымі рашэньнямі ў адміністрацыйных справах.

Хлопца затрымалі за скрыню ад тэлевізара

27-гадовага Андрэя Пархоменку затрымалі дома і адвезьлі ў Ленінскае РУУС Менску. Прычынай затрыманьня стала бела-чырвоная скрыня ад тэлевізара LG. У РУУС на хлопца склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Віны сваёй Пархоменка не прызнаў, бо, па яго словах, скрыню пакінулі ранейшыя жыхары. У матэрыялах справы ёсьць чорна-белае фота скрыні, але судзьдзя Юлія Інчына вырашыла запытаць у супрацоўнікаў РУУС каляровае відэа.

Інчына заўважыла, што на акне ў хлопца яшчэ вісіць нейкі малюнак, які мае белы і чырвоны колеры. Андрэй патлумачыў, што гэта герб Лепеля, на якім прысутнічаюць яшчэ сіні і жоўты колеры. Справу Андрэя накіравалі на дапрацоўку.

Магіляўчанку аштрафавалі за подпіс

Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Натальля Крашкіна аштрафавала Марыю Войнаву за росьпіс у пратаколе — за «распаўсюд прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць» (арт. 19.11).

У канцы сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі з Марыяй «прафіляктычную размову». Ёй выдалі блянк афіцыйнага папярэджаньня, дзе Войнава расьпісалася. У пашпарце ж, які Марыя атрымала 12 гадоў таму, у яе росьпісе можна ўбачыць абрэвіятуру, якая складаецца з 4 літар і 4 кропак, якую некаторыя расшыфроўваюць як крытыку супрацоўнікаў паліцыі. У 2018 годзе яе ўнесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Судзьдзя аштрафавала Войнаву на 290 рублёў.

Затрыманьне за сьцяг у вакне

У Менску зноў затрымалі за нацыянальную сымболіку. 26 красавіка прыйшлі да Івана Карпея, які працуе з ІТ-кампаніяй Centaurea. Прычынай візыту стаў сьцяг у акне, піша «Наша ніва», якая зьвязалася з калегамі затрыманага.

Тыя паведамілі, што напярэдадні невядомыя званілі 32-гадоваму Карпею ў дзьверы, але ён не адчыняў. Тады патэлефанаваў гаспадар кватэры, якую Іван наймае, сказаў, што яго чакаюць унізе. Тады ён усё ж выйшаў. Унізе было некалькі чалавек у цывільным.

Вярнуліся ў яго кватэру, забралі сьцяг. Пасьля паехалі ў Першамайскае РУУС. Тэлеграм-канал «Сьпісы Акрэсьціна» паведаміў, што Карпей знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.

Затрыманьне баскетбаліста Куля

Да аднаго з найлепшых баскетбалістаў у гісторыі Беларусі Аляксандра Куля раніцай 27 красавіка прыйшла міліцыя. Ні ён, ні жонка Алена не выходзілі на сувязь, пазьней жонка паведаміла пра затрыманьне мужа. Аднак пазьней напісала, што яго, хутчэй за ўсё, усё ж часова адпускаюць.

15 сутак за сьвечку ў памяць аб ахвярах Чарнобыльскай катастрофы

27 красавіка Ленінскі суд Менску разглядаў справы затрыманых напярэдадні менчукоў. Юрыя Ланкевіча і Анастасію Вайтовіч затрымалі ўвечары 26 красавіка на плошчы Свабоды. У міліцыі на іх склалі пратаколы паводле арт.24.23 КаАП нібыта за ўдзел у «несанкцыянаваным пікетаваньні шляхам выкрыкваньня правакацыйных лёзунгаў каля праезнай часткі».

Як паведамляе «Вясна», на судзе Анастасія расказала, што прыйшла да касьцёла на плошчы Свабоды, каб паставіць сьвечку. Але храм ужо быў зачынены, яна пастаяла некалькі хвілін і зьбіралася сыходзіць. У гэты момант зьявіўся супрацоўнік АМАП і папрасіў паказаць дакумэнты. А пасьля «прапанаваў» праехаць у РУУС.

Судзьдзя Юлія Шут палічыла жаданьне паставіць сьвечку «несанкцыянаванай акцыяй» і арыштавала Анастасію Вайтовіч на 15 сутак.

35-гадовага навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Юрыя Ланкевіча затрымалі напярэдадні перадабароны яго кандыдацкай. Зь яго словаў, ён курыў на прыпынку каля плошчы Свабоды. Да яго падышлі міліцыянты і сказалі паказаць заплечнік, у якім знайшлі лямпадку. Гэта і стала прычынай затрыманьня.

Адказваючы на пытаньні судзьдзі Юліі Інчынай, навуковец патлумачыў, што зьбіраўся ў Чырвоны касьцёл, каб паставіць лямпадку ў памяць пра ахвяраў аварыі на ЧАЭС. Але вынікам «дыялёгу» сталі тыя ж 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае мерапрыемства». Цяпер абарона працы пад пагрозай зрыву.

У Жодзіне даюць 15-25 дзён арышту затрыманым наведнікам лазьні

24 красавіка амапаўцы ўварваліся на тэрыторыю прыватнай лазьні ў Жодзіне і затрымалі 22 чалавек, якія там адпачывалі. Затрыманых абвінавацілі ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». У міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні, у тым ліку на гаспадара лазьні і ягонага сына.

Суддзя Ганна Мукавозчык адправіла Яўгена Літвінава і Юрыя Шастака адбываць 15-дзённыя арышты, а Аляксея Казлова і Станіслава Рэпкіна арыштавала на 25 сутак.

Аляксандр Кавалёў і Яўген Шаляпень па рашэнні судзьдзі Івана Грынкевіча будзуць адбываць 25-дзённыя арышты.

Арцём Крот і Сафія Ярмачонак арыштаваныя судзьдзёй Кацярынай Якубіцкай на 15 сутак.

А сына гаспадара лазні Васіля Аўчарэнку арыштавалі паводле арт. 24.3 КаАП на 15 сутак.

Чацьвёра затрыманых мужчын — Аляксандр Кавалёў, Яўген Шаляпень, Станіслаў Рэпкін і Яўген Літвінаў — абвясьцілі галадоўку. У затрыманых дома праходзілі вобшукі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG