У адказ на салідарнасьць з Чэхіяй пасьля выкрыцьця апэрацыі расейскіх агентаў у Вэрбеціцах Расея прыняла рашэньне аб высылцы з Масквы васьмі дыпляматаў з краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Трое славакаў, двое літоўцаў і па адным прадстаўніку Латвіі, Эстоніі і Румыніі павінны пакінуць расейскую сталіцу. Інфармацыю выданьню Aktuálně.cz пацьвердзілі дзьве дыпляматычныя крыніцы.
Такім чынам Масква рэагуе на высылку расейцаў з гэтых краінаў. Менавіта Славаччына, балтыйскія краіны і Румынія апошнімі днямі вырашылі выслаць супрацоўнікаў пасольстваў Расеі са сваіх тэрыторый. Усяго гаворка ішла пра восем чалавек. Да гэтага часу Масква рэагавала сымэтрычна, адпраўляючы дадому столькі ж эўрапейскіх дыпляматаў.
Дыпляматычны канфлікт паміж Прагай і Масквой успыхнуў у суботу, 17 красавіка, з прычыны абгрунтаваных падазрэньняў чэскага боку ў тым, што за выбухамі ў Вэрбеціцах у 2014 годзе стаяла вайсковая выведка ГРУ. Чэхія выслала 18 чалавек з амбасады Расеі ў Празе, а Расея — 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады ў Маскве.
Пазьней міністэрства замежных справаў Чэхіі паведаміла аб прымусовым выезьдзе іншых расійскіх дыпляматаў з Чэхіі да канца траўня. Пасьля Расея абвясьціла, што пераходзіць на «строгі парытэт» што да колькасьці супрацоўнікаў амбасады.
У панядзелак на сайце EUobserver было паведамлена, што ў сталіцах краін ЭЗ працягваюцца перамовы аб высылцы расейскіх дыпляматаў на знак салідарнасьці з Чэхіяй. Паводле інфармацыі сайту, напрыклад, Польшча можа вырашыцца на такі крок на працягу бліжэйшага тыдня. Аднак, паводле дыпляматычных крыніц, гатовасьць да ўвядзеньня гэткіх захадаў ніжэйшая сярод краін Заходняй Эўропы.
У панядзелак Баўгарыя таксама адгукнулася, выказаўшы «поўную салідарнасьць» з Чэхіяй. Яна прапанавала чэскім уладам дапамогу ў расьсьледаваньні.