Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 27 красавіка: у справе за наезд на пяць вайскоўцаў замест агучваньня прысуду аднавілі працэс

абноўлена

Ціхан Восіпаў
Ціхан Восіпаў

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах. Абнаўляецца.

Суд у справе Ціхана Восіпава працягнецца

У Менскім гарадзкім судзе 27 красавіка мусілі вынесьці прысуд 25-гадоваму інжынэру БНТУ Ціхану Восіпаву. Яго абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), у загадзя лжывым даносе (ч. 1 арт. 400).

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, у ноч зь 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пяць вайскоўцаў, пасля чаго ўтапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю, што машыну сагналі. Віну Осіпаў прызнаў толькі паводле ч. 1 арт. 400 КК (загадзя лжывы данос), па другіх артыкулах не прызнаў.

На судзе ён казаў, што ў яго не было намеру забіць, ён тады спалохаўся, убачыўшы як сілавікі разьбіваюць машыны і выцягваюць адтуль кіроўцаў, таму і зьехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Па словах маладога чалавека, пакуль ён ехаў, сілавікі разьбілі яму заднюю правую шыну, супрацоўнік зьлева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля, тады ён прыхіліўся і ўжо не кантраляваў дарожную сытуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б’юць дубінкамі.

Пракурор Антон Цюменцаў 20 красавіка прасіў пакараць Ціхана 12 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, бо на яго думку, віна па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса даказаная. Але судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Дзьмітрыя Цыкалы, калі выйшла з дарадчага пакоя, вынесла пастанову аб аднаўленьні судовага сьледзтва з дадатковым допытам пацярпелых. Наступнае паседжаньне ў справе Восіпава прызначылі на 29 красавіка на 10 гадзін.

Ад 2 да 3 гадоў за «рэйкавую справу» ў Баранавіцкім раёне

У судзе Баранавіцкага раёну вынесьлі прысуд 29-гадоваму Сяргею Богдану, 33-гадоваму Ўладзімеру Ланкевічу і 31-гадоваму Віктару Іванцову. Справу разглядала судзьдзя Паўлоўская. Дзяржабвінавачаньне падтрымліваў намесьнік Берасьцейскага транспартнага пракурора старшы дарадца юстыцыі Ігар Палыко.

Паводле абвінавачаньня, кожны раз мужчыны праводзілі па дзьве спробы заблякаваць рух на чыгунцы. Некаторыя скончыліся няўдачай, а ў двух выпадках блякаваньне спрацавала. Падсудных прызналі вінаватымі ў прывядзеньні транспартнага абсталяваньня ў непрыдатнасьць: замыканьне рэйкавага ланцуга, зьмяшчэньне камянёў паміж рэйкамі і мэханізмамі стрэлак, узьдзеяньне з выкарыстаньнем мэталічных гаечных ключоў на сыстэму мікрапрацэсарнага паўаўтаматычнага блякаваньня руху цягнікоў.

Абвінавачаныя прызналі самі дзеяньні, але адмовілі якія-небудзь пашкоджаньні: усе ўчасткі чыгункі, да якіх дакраналіся, ня страцілі працаздольнасьць, што ня можа быць кваліфікавана як злачынства. Яны ведалі: нічога небясьпечнага ад іх дзеяньняў ня будзе. І таму лічаць, што не зьдзяйсьнялі крымінальнага злачынства, а проста «задаволілі цікаўнасьць».

Сьведкамі ў справе выступілі дзевяцёра працаўнікоў чыгункі. Усе, акрамя аднаго з іх, запэўнілі суд, што дзеяньні абвінавачаных не маглі прычыніць пашкоджаньняў, а ўсе наступствы былі лёгка і хутка ліквідаваныя.

Рэвізор службы бясьпекі руху адзначыў, што такія дзеяньні маглі прывесьці да збою аўтаматыкі і затрымкі руху цягнікоў, але пры гэтым адзначыў, што аўтаматыка не дапусьціла б крушэньня цягніка.

Аднак нягледзячы на гэта, Богдана і Ланкевіча прызналі вінаватымі па арт.14 (замах на злачынства) і арт.309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў злучэньня) і далі ім па 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Іванцова прызналі вінаватым толькі па арт.309 і адправілі ў калёнію на 2 гады.

Тэлеграм-канал «Баранавічы-97%» прызналі экстрэмісцкім

Зь ініцыятывы Баранавіцкай міжраённай пракуратуры прадукцыю тэлеграм-каналу «Баранавічы-97%» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На думку сілавікоў, яго адміністратары «публічна распаўсюдзілі шэраг публікацый з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасьці, у тым ліку гвалту ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі і хуліганскім дзеяньням».

Суд Ленінскага раёну Берасьця задаволіў заяву пракуратуры, рашэньне падлягае неадкладнаму выкананьню. Яго копія накіраваная ў Міністэрства інфармацыі для ўключэньня ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG