Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчуваеш сябе чалавекам, выкінутым за борт». У Беларусі пазбавілі многіх ільготаў ліквідатараў чарнобыльскай аварыі


У Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны і Расеі, ліквідатараў чарнобыльскай аварыі пазбавілі шматлікіх сацыяльных ільготаў.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі большасьць чарнобыльцаў-ліквідатараў засталася безь бясплатных мэдыкамэнтаў, ільготных крэдытаў на жытло, зьніжак на камунальныя плацяжы, бясплатнага праезду. Але самае крыўднае, прызнаюцца самі ліквідатары, — гэта тое, што іх пазбавілі статусу.

Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» расказваюць пра тое, як 35 гадоў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пражылі ліквідатары, якіх маладымі адправілі ліквідаваць наступствы аварыі.

«Дарагая Лена, не забывай ніколі зборы па ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Тут ты сустрэла вельмі шмат добрых сяброў, якія ў любую хвіліну гатовыя прыйсьці да цябе на дапамогу. Будзь заўсёды здаровая, жыцьцярадасная, посьпехаў табе ва ўсім!»

Стары нататнік з пажаданьнямі ад таварышаў са службы і чорна-белыя фатаздымкі, якія нагадваюць пра Чарнобыль, жыхарка Салігорска Алена Лапатко дастае нячаста. Амаль адразу пасьля заканчэньня мэдычнай вучэльні Алена атрымала позву і ў жніўні 1986 году аказалася ў ліку ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы.

«Калі мы падышлі да ваенкамату, было вельмі шмат аўтобусаў. Я памятаю вельмі шмат людзей у вайсковай форме. Для мяне гэта тады, для дзяўчынкі дваццацігадовай, нейкі шок быў. Нейкае адчуваньне вайны, ці што. Я, вядома, чула пра тое, што адбылося, але як гэта ў рэальнасьці мусіць адбывацца і што павінен адчуваць чалавек, я тады проста ня ведала. Мы ведалі месца, куды нас вязуць, што гэта горад Хойнікі, што гэта радыяцыйная зона, што гэта небясьпечна», — расказвае Алена Лапатка.

Да жніўня 1986 г. у шпіталі Хойнікаў ужо не засталося лекараў: мясцовыя жыхары сем’ямі зьяжджалі з Гомельскай вобласьці. Акрамя мэдычных абавязкаў, Алене і яе калегам даводзілася выконваць і гаспадарчыя работы.

«Патрабаваліся нейкія апэрацыі мясцоваму насельніцтву. Зьбіралася брыгада лекараў, мэдсясьцёр, ехалі ў лякарню і аказвалі дапамогу. Рэнтгенаграфія і ўсё вось гэта. Выконвалі работы, зьвязаныя з рамонтам: у пляне таго, што будаваўся шпіталь, нас вывозілі, каб нешта прыбраць, дзесьці перанесьці, падрыхтаваць ложкі для прыёму хворых», — кажа Алена Лапатка.

У верасьні 1986 добраахвотнікам у чарнобыльскай зоне апынуўся і жыхар Салігорску Леанід Івін, які ахоўваў выселеныя вёскі ад марадэраў. Як і большасьці, рэальнай карціны таго, што адбываецца, яму ніхто не расказаў.

«У мяне, дапусьцім, у вольны ад службы час пасада была — паліць у кацельні. Чаму? Ужо было холадна. Школа мусіць ацяпляцца. Натуральна, абаграваліся тым вугалем і торфам, які там ляжаў. Пра тое, што яго кідаць у топку, сядзець і грэцца ля гэтай топкі, нельга, ніхто нічога не казаў. Гэта значыць сядзіш, у топку глядзіш, пішаш ліст дадому, усё гэта фаніць», — распавядае Леанід Івін.

Бяз статусу

У траўні 1986 разам з калегамі ў Чарнобылі апынуўся і жыхар Рэчыцы Васіль Гулай, які цэмэнтаваў сьвідравіны на разбураным рэактары. З 80 ліквідатараў яго прадпрыемства ў жывых сёньня засталося 20 чалавек.

«Гэта помнік чарнобыльцам, якія, як гаворыцца, абаранялі сваю Радзіму ад атамнай пагрозы. Але так атрымалася, што той тэхнікі, вось на гэтым помніку… верталёт і пажарная каска стаяць, а няма той тэхнікі нават на малюнку, на якой працавалі 80 чалавек, у тым ліку і я, з тампанажнага кіраваньня. Яны гналі цэмэнт на саркафаг», — адзначае Васіль Гулай.

У Беларусі больш за 100 тысяч ліквідатараў чарнобыльскай аварыі, хоць афіцыйна статусу «ліквідатар» у краіне ўжо даўно няма. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі амаль усе льготы, якія былі ў чарнобыльцаў, адмянілі.

«Я спадзяюся, ад гэтага дзяржава не развалілася б: бясплатны праезд. Мяне аднойчы паміж двума населенымі пунктамі вытурылі з аўтобуса як безьбілетніка. І ўвесь аўтобус крычаў: „Выходзь, хлопец, не затрымлівай аўтобус“. А жанчына-кантралёр крычала на кіроўцу, які спрабаваў мяне абараніць, што „ты вязеш безьбілетніка“. Кажу, што ёсьць закон пра бясплатны праезд. „Куплялі вы сабе гэтыя пасьведчаньні. Вось наш прэзыдэнт выпусьціў указ, што вы цяперня можаце езьдзіць бясплатна“» — кажа Леанід Івін.

«Можна падумаць, мы толькі і рабілі б, што каталіся! Ну праехаў бясплатна гэты ліквідатар на прыгарадным транспарце… Можна было праехаць бясплатна і на гарадзкім. Гэта такая дробязь… Кожны ж дзень ты туды ня езьдзіш. Страты дзяржаве не нанёс бы», — працягвае Васіль Гулай.

«Наколькі я памятаю, было 50 адсоткаў аплаты жытла, камунальных паслуг, дакладней. Было пазачарговае месца, калі трэба было дзіця ў сад афармляць. Штогадовы мэдагляд, паглыблены, чарнобыльцаў. Тады ў нас была палёгка на чаргу на будаўніцтва жытла або атрыманьне кватэры», — успамінае Алена Лапатка.

Сёньня чарнобыльцы могуць без чаргі прайсьці да лекара, а таксама ўзяць на працы неаплатны адпачынак у любы зручны час — на гэтым у асноўным дапамога ад дзяржавы для іх сканчаецца. Але самае крыўднае, гавораць ліквідатары, што ўлады афіцыйна пазбавілі іх гэтага статусу. У пасьведчаньнях беларускіх чарнобыльцаў зараз напісана — «пацярпелы».

«Бясплатны статус, які нічога ня значыць: удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мы цяпер усё пацярпелыя! Пытаньне ў мяне, чаму я пацярпелы, калі нікуды ня езьдзіў, вось тут жыў і ўжо быў пацярпелы. І ўсе, хто тут жыве, у горадзе Рэчыца, — гэта пацярпелыя ад чарнобыльскай аварыі. І мы такія ж! Гэта значыць, пасьля службовай выправы ў Чарнобыль», — абураецца Васіль Гулай.

«Адчуваеш сябе, вядома, чалавекам, выкінутым за борт. Можна так вось параўнаць, напэўна. Калі чалавек патрэбен для пэўнай нейкай працы, яго забіраюць, нягледзячы на тое, што ён там здароўе сваё траціць, скажам так. І цяпер адчуваеш, што проста ты не патрэбен», — кажа Алена Лапатка.

«Статус ліквідатара — гэта чалавек, які ўдзельнічаў у нейкай падзеі для Радзімы і нешта зрабіў. А потым яму проста кажуць: „Ды не было цябе там!“ Крыўдна як… Я ня быў на самым рэактары, ня ўдзельнічаў, каб яго зачынілі, але велізарная колькасьць людзей, ад дзяўчат да хлопцаў, удзельнічалі ў ліквідацыі вельмі страшнай катастрофы», — расказвае Леанід Івін.

Паводле Івіна, успамінаць чарнобыльцаў у Салігорску сёньня не прынята. У багатым па беларускіх мерках горадзе ліквідатарам няма нават помніка.

«Чыноўнікам ня дадзена каманда праводзіць сьвята, ніхто сьвята праводзіць ня будзе, — кажа Леанід Івін. — У горадзе няма памятнага месца, памятнага знаку! У крутым шахтарскім горадзе не хапае грошай паставіць памятны знак чарнобыльцам. Людзі, якія зьехалі з гэтага гораду, будучы службоўцамі органаў унутраных спраў, рабочымі, кіроўцамі, паехалі на нейкую аварыю, а тады лічылі — катастрофу, страцілі здароўе, вярнуліся дадому, а пра іх проста забыліся!»

Некаторыя чарнобыльцы, такія як Васіль Гулай з Рэчыцы, ужо шмат гадоў дамагаюцца вяртаньня сацыяльных ільготаў, але з кабінэтаў высокапастаўленых чыноўнікаў атрымліваюць толькі адпіскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG