Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекцыі сэксоляга, псыхоляга, гінэколяга. Што будзе на фэстывалі сэксуальнай асьветы


Выява з афішы фэстывалю Sex Education Day, фота pexels.com
Выява з афішы фэстывалю Sex Education Day, фота pexels.com

25 красавіка ў галерэі «ДК», а таксама онлайн пройдзе чацьвёрты фэстываль сэксуальнай асьветы Sex Education Day. Яго заснавальніца Аліна Сельвясюк расказала, чаму варта прыйсьці, чым ён дапамагае людзям, якія тэмы будуць абмяркоўваць і чаму пра сэкс важна размаўляць.

Першы фэстываль сэксуальнай адукацыі адбыўся летась у онлайн-фармаце. Яго заснавальніца Аліна Сельвясюк адукацыяй эканаміст-лягіст, цяпер займаецца арганізацыяй творчых праектаў і фатаграфіяй. Ідэя зрабіць фэстываль прыйшла дзяўчыне падчас размовы са знаёмымі.

«Я проста зразумела, што гэта ня я зь імі не магу размаўляць пра сэкс, а яны ня могуць слухаць. І я вырашыла зрабіць фэстываль спачатку для іх, і пазьней заўважыла, што дзяўчаты мне пачалі самі расказваць нейкія асабістыя моманты, дзяліцца», — кажа арганізатарка Аліна.

Дзяўчына прызнаецца, што пасьля першага фэстывалю амаль не было водгукаў, хаця праглядаў трансьляцыі было больш за тысячу. Аліна кажа, што гэта, магчыма, зьвязана з тым, што тэма сэксу, як у Беларусі, так і іншых постсавецкіх краінах, застаецца крыху табуяванай, і людзям страшна пра яго размаўляць.

«Я не бяруся гаварыць за кожнага, але, напрыклад, у маёй сям’і такога наагул няма. Мама і тата са мной не размаўлялі на гэтую тэму. У школе, у клясе дзявятай, на ўроках анатоміі чалавека мы дайшлі да рэпрадуктыўнай сыстэмы, і наш настаўнік проста захварэў. І я ня ведаю, гэта на працягу ўсяго навучаньня і ва ўсіх ён хварэе на такой тэме, або толькі нам так пашанцавала, — сьмяецца дзяўчына. — Ну і потым я даведвалася пра сэкс ад знаёмых і сяброў».

Яшчэ людзям складана адкрывацца і пераадольваць сябе ў размове, калі астатнія маўчаць, дадае Аліна. Нашмат прасьцей становіцца, калі ёсьць прыклад.

«Калі ўсе маўчаць, ніхто ня возьме на сябе сьмеласьць адкрыць рот першым. Вось мы пазіраем у бок Эўропы ці Амэрыкі, дзе пра сэкс больш ці менш адкрыта гавораць, але мы толькі пазіраем, і ў гэтым праблема. Гэта быццам ты глядзіш, як сьмецьце прыбіраюць суседзі вакол дома. Прыходзіш да свайго падʼезду і думаеш, а што я адзін змагу? Што, я вазьму мех і пайду прыбіраць сьмецьце? А я падумала, што змагу зрабіць сама і паказаць клясны прыклад».

Аліна прызнаецца, што яе сябры спачатку не паверылі ў праект і ня ставіліся да ўсяго сур’ёзна. Пазьней усё зьмянілася, дзяўчына зразумела, што калі праводзіць фэстываль онлайн (ці весьці трансьляцыю сумесна з офлайн-фарматам), зьяўляецца і замежная аўдыторыя: водгукі пісалі з Расеі, Украіны і Казахстану.

Пасьля першага фэсту дзяўчына страціла каманду і засталася адна, але гэта яе не спыніла. Культурны цэнтар «Корпус» тады праводзіў ініцыятыву, прапаноўваў правесьці ці запісаць любы праект, Аліна даслала заяўку, і яе зацьвердзілі. За два тыдні дзяўчына склала праграму, дамовілася са сьпікерамі і арганізавала запіс наступнага фэстывалю.

«Я кожны раз, калі раблю праект, спрабую сабе адказаць, што такое сэксуальная асьвета, чым я наагул займаюся, навошта. Я апраўдваю ўсё тым, што ў людзей было такое велізарнае запатрабаваньне на гэтую тэму, на гэтыя ўсе веды, — і я яго проста пачула. Я пачала рабіць і зразумела, што людзі не сыходзяць, а наадварот, далучаюцца, і мы пашыраемся».

«Не магу знайсьці мужчынскія блогі пра здароўе і сэкс»

Арганізатарка дадае, што адчувае вялікую адказнасьць за інфармацыю, якую дае людзям у інстаграме.

«Калі пачынала пісаць першыя пасты, вельмі баялася стаць падобнай на гэтыя глянцавыя часопісы з загалоўкамі кшталту „Як спакусіць мужчыну“. Стараюся, каб уся інфармацыя была нэўтральнай і этычнай. Проста інфармацыя, асаблівая ўвага на факты».

Аліна кажа, што пакуль яе аўдыторыя ў асноўным жаночая — 85%. Цяпер дзяўчына стараецца падымаць і тэмы мужчынскага здароўя ў Instagram.

«Вось мужчыны ў грамадзтве такія „багі сэксу“, і ўсё ў іх клясна. Мы цяпер турбуемся з нагоды жаночага аргазму, што яго складана атрымаць і г. д. Але вось я асабіста сутыкнулася з тым, што не магу знайсьці мужчынскія блогі пра здароўе, сэкс; добрага лекара, які апавядае пра гэта. І калі я, задаўшыся мэтай, не знайшла іх, то дзе гэтую інфармацыю шукаць хлопцам, мужчынам?»

Што будзе на фэстывалі?

Мэтавай аўдыторыяй праекту арганізатарка лічыць людзей, якія хочуць разьвіваць сябе, вучыцца прымаць сябе і любіць.

Sex Education Day пачнецца ў 12:40 зь лекцыі ад доктара-сэксоляга Максіма Падалякі «Навошта патрэбна сэксуальная асьвета?».

«У Максіма таксама ёсьць свой праект, арыентаваны на школьнікаў і падлеткаў, ён езьдзіць па школах, зьбірае дзяцей і расказвае ім пра сэкс, пра тыя тэмы, аб якіх мы баімся самі расказаць малым».

З 13:30 па 14:10 пройдзе сустрэча з сэксолягам і псыхолягам Зояй Прышывалкай «Што ёсьць сэксам і сэксуальнай нормай? Ці пэтынг і мастурбацыя таксама сэкс?».

«Гэта для людзей, якія не атрымліваюць задавальненьня, у якіх ёсьць праблемы. Ня трэба заганяцца і думаць: „Са мной нешта ня так, ненармальна, ды я можа фрыгідная або асэксуальная“. Пачынаецца гэтая мазгавая работа, якая нас зьбівае з курсу. А тут ёсьць магчымасьць прыйсьці, паслухаць спэцыяліста, які скажа: „Не, з табой усё клясна, усё нармальна“. Гэта магчымасьць спрабаваць і спрабаваць, не спыняцца на праблеме».

З 14:20 да 15:00 пройдзе лекцыя ад тэрапэўткі Дашы Парфіяновіч «Як псыхалягічная траўма ўплывае на цела і блякуе асалоду?».

«Я арыентуюся таксама на людзей, якія перажылі гвалт. Ім гэта неяк дапаможа прыйсьці да сябе, адпусьціць, што іх трымае; гэта элемэнтарная камунікацыя, якую яны могуць атрымаць, магчымасьць выгаварыцца, калі яны ніколі пра гэта не гаварылі, ці паслухаць тых, у каго такое ж было, і сябе адпусьціць. І з гэтай катэгорыяй людзей мне страшней за ўсё, бо калі звычайныя людзі далікатныя, то гэтыя яшчэ больш. Я вельмі баялася напісаць нешта ня так, запрасіць сьпікера, які можа іх неяк закрануць, бо я нясу адказнасьць за іх».

З 15:20 да 16:00 можна будзе паслухаць акушэра-гінэколяга Марыю Такунову на тэму «Візыт да гінэколяга. У якіх выпадках трэба ісьці, нават калі вельмі страшна?».

«Напрыклад, для людзей, якія захварэлі, гэта магчымасьць адчуць сябе нармальным. Вось як зь ВІЧ: ня ўсе разумеюць, што гэта такое, што зь людзьмі зь ВІЧ можна размаўляць, жыць, цалавацца і кахаць. І тады гэтыя людзі самі пачынаюць верыць, прыходзяць у норму».

З 16:10 да 16:50 магістарка псыхалёгіі Вольга Бігель правядзе лекцыю «Чаму агрэсія і сэкс непадзельныя? Чаму важна прымаць свае агрэсіўныя жаданьні?».

Апошняй стане сустрэча з мастацтвазнаўцай Марʼянай Сухавей, якая раскажа пра «Жаночую сэксуальнасьць у мастацтве» з 17:00 па 17:40.

«Сэкс — гэта ня толькі адукацыя, гэта пра культуру і мастацтва, здароўе, наогул пра ўсё».

«Упершыню ў жыцьці зьявілася магчымасьць выказацца»

Акрамя самога фэстывалю, Аліна ладзіць групавы сустрэчы з псыхолягам.

«Мы зрабілі пяць сустрэч, і мне здаецца, гэта калясальна зьмяняе чалавека. Кожная з тэмаў была „пра цябе“. Мы на ўсіх сустрэчах арыентаваліся на людзей, якія да нас прыходзілі, і дзяліцца, чуць сябе ў словах іншага чалавека нашмат прасьцей, люстэркавы эфэкт спрацоўвае выдатна. Таму за час, які гэтыя пяць сустрэч праходзілі, мы заўважылі выдатны вынік».

Аліна спачатку прыняла рашэньне ўдзельнічаць у сустрэчах, каб лепш зразумець, што яна прапануе людзям, але ўжо пасьля першага разу заўважыла ў сабе перамены.

«Я зразумела, што са мной нешта адбываецца. Вельмі добра, што на сустрэчах была частка тэорыі. Напрыклад, ты чагосьці ня ведаў, думаў, што гэта твая віна, што гэта дрэнна, а прыходзіць псыхоляг, якая кажа: „Дзяўчаты, гэта нармальна. Нармальна, што вы вось гэта і гэта робіце вось так, гэта нармальна“. Дзяўчаты спрабавалі прапрацаваць розныя пытаньні, і я часам не разумела, што адбываецца, бо сядзіць дзяўчына, расказвае, якая яна шчасьлівая ў гэтым моманце, і потым проста пачынае рыдаць. Таму што ў яе пад вялікім пластом добрага настрою, прамяністай усьмешкі хаваецца нешта такое, што не дае ёй жыцьця. Потым гэта вырываецца на трэнінгу».

Жанчыны могуць шчыра расказваць пра свае асабістыя моманты, бо на сустрэчах створана бясьпечнае асяродзьдзе, усё ананімна, кажа Аліна.

«Ты сядзіш і разумееш, што ўпершыню ў жыцьці ў цябе зьявілася магчымасьць выказацца. Пра мужа, які нешта робіць, і цябе гэта жудасна раздражняе, пра здрады партнэра, пра рэўнасьць, пра тваю здраду, што да гэтага моманту нават ня мог сябрам расказаць, а тут празь сьлёзы, страх і боль ты ўсё расказваеш».

Дзякуючы такім сустрэчам жанчыны і дзяўчаты могуць прапрацаваць свае псыхалягічныя заціскі, вырашыць набалелыя пытаньні, пачаць разумець і адчуваць сябе.

Sex Education Day пройдзе 25 красавіка ў галерэі «ДК» на Герцэна, 2а. Для тых, хто не пасьпеў зарэгістравацца, будзе ісьці трансьляцыя на канале фэстывалю.

Таксама кожны ўдзельнік зможа задаць свае пытаньні спікерам ананімна праз адмысловую форму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG