Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрмін чэскага ультыматуму Маскве скончыўся. З Чэхіі вышлюць яшчэ 60 расейскіх дыпляматаў


Амбасада Расеі ў Празе, 16 красавіка 2021
Амбасада Расеі ў Празе, 16 красавіка 2021

Расея да 12.00 праскага часу ў чацьвер не адказала на патрабаваньне чэскай улады вярнуць у Маскву 20 высланых адтуль супрацоўнікаў чэскай амбасады. Міністар замежных справаў Чэхіі Якуб Кулганэк абвясьціў на брыфінгу, што наступным крокам Прагі будзе высылка з краіны 60 расейскіх дыпляматаў. Яны мусяць пакінуць Чэхію да канца траўня.

Прэм’ер Чэхіі Андрэй Бабіш паведаміў, што з гэтым крокам выказаў сваю згоду і прэзыдэнт Мілаш Зэман.

Паводле падлікаў МЗС Чэхіі, з аўторка штат расейскай амбасады ў краіне складаецца з 27 дыпляматаў і 67 супрацоўнікаў тэхнічнага пэрсаналу, а чэскай у Маскве — з 5 дыпляматаў і 19 тэхнічных службоўцаў.

Міністар Кулганэк зазначыў, што гэтае рашэньне было прынятае на падставе артыкулу 11 Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных адносінах, дзе сказана:

«Пры адсутнасьці канкрэтнага пагадненьня аб колькасьці пэрсаналу прадстаўніцтва дзяржава знаходжаньня можа прапанаваць, каб колькасьць пэрсаналу прадстаўніцтва захоўвалася ў межах, якія яна лічыць разумнымі і нармальнымі, улічваючы абставіны і ўмовы, якія існуюць у дзяржаве знаходжаньня, і патрэбы дадзенага прадстаўніцтва».

21 красавіка Чэхія запатрабавала ад Расеі перагледзець яе рашэньне выслаць з краіны 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады. У адваротным выпадку, як заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі Якуб Кульганэк, колькасьць расейскай амбасады ў Празе будзе скарочана шматкроць — да пяці чалавек, што адпавядала б колькасьці чэскіх дыпляматаў, якія засталіся ў Маскве.

Высылка з Расеі 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады стала адказам на высылку з Чэхіі 18 расейскіх дыпляматаў, якія, як сьцьвярджаюць чэскія ўлады, мелі дачыненьне да расейскіх спэцслужбаў.

Чэскія ўлады заявілі, што агенты расейскай вайсковай выведкі ў 2014 годзе арганізавалі выбух на вайсковым сховішчы з боепрыпасамі і ўбачылі ў гэтай дывэрсіі аналёгію з замахам на жыцьцё Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў 2018 годзе ў брытанскім Солсберы. Вялікая Брытанія выслала больш за 20 расейскіх дыпляматаў, а ЗША, Францыя і Нямеччына тады на найвышэйшым узроўні выказалі салідарнасьць з крокамі брытанскага ўраду. Цяпер у Чэхіі спадзяюцца на падобную рэакцыю сярод саюзьнікаў.

Цяперашні дыпляматычны канфлікт стаў самым буйным з 1989 году, калі ў Эўропе адзін за адным паваліліся прасавецкія камуністычныя рэжымы. Цяпер невялікая эўрапейская дзяржава, член NATO з 1999 году, апынулася ў эпіцэнтры росту напружанасьці паміж Масквой і Захадам.

Урад Чэхіі ўжо вырашыў адхіліць расейскую дзяржкарпарацыю «Росатом» ад удзелу ў шматмільярдным тэндэры на будаўніцтва пятага энергаблёка АЭС «Дукаваны» і адмовілася ад далейшага разгляду пытаньня аб закупліваньні расейскай вакцыны «Спутник-V».

Спэцапэрацыя расейскай вайсковай выведкі ГРУ па арганізацыі дывэрсіі на збройных складах у Чэхіі ўвосень 2014 году праходзіла пад асабістым кантролем камандзіра вайсковай часткі 29155 у Маскве генэрал-палкоўніка Андрэя Авяр’янава. Пра гэта гаворыцца ў новым расьсьледаваньні чэскага штотыднёвіка Respekt і міжнароднай групы дасьледчыкаў Bellingcat.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG