Яны ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, Кастусёў быў затрыманы ў Беларусі, Фядута і Зянковіч — у Маскве. У чым іх абвінавачваюць — пакуль не паведамілі ні афіцыйна, ні іх адвакатам.
Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты:
— Я прыехала ў чацьвер з Масквы, у пятніцу перадала перадачу, заключыла дамову з адвакатам. Дзяжурная адвакатка, якая прысутнічала пра першым допыце, сказала, што Саша трымаецца, узяў сябе ў рукі. Сказаў, што кожны дзень у 9 вечара будзе па памяці чытаць вершы Бродскага. А я — дома, па двухтомніку.
Я абсалютна не ўяўляю, за што яго арыштавалі.
У аўторак адвакатка, зь якой я заключыла дамову, пойдзе ў КДБ рабіць сьледчыя дзеяньні. Абвінавачваньня пакуль няма.
У Маскве я падала заяву ў паліцыю, а ў СІЗА Масквы тэлефанавала, на што быў адказ — «такога няма». Зьбіралася зьвярнуцца ў амбасаду, але Саша ўжо «знайшоўся». Ператрус у кватэры быў доўгім. Але паводзілі сябе карэктна, усё паставілі на месца. Усё паглядзелі, у нас жа так шмат кніг. І забралі «мазгі» з кампутара, флэшкі і ўсе візытоўкі.
Алена Дзянісавец, жонка Юрася Зянковіча:
Пакуль па справе нічога новага. Спадзяюся, што на пачатку наступнага тыдня адвакат сустрэнецца зь Юрасём. Пакуль ніякія перадачы яму не перадавалі.
Наўпрост зьвязацца са сваякамі Рыгора Кастусёва не атрымалася. Аднак інфармацыю ад родных кіраўніка Партыі БНФ атрымаў Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі.
Паводле Янукевіча, сваякі заключылі дамову з адвакаткай, яна пакуль з Кастусёвым не сустракалася. Пойдзе на сьледчыя дзеяньні ў аўторак. Абвінавачваньне пакуль не прад’яўленае. Сваякі ў суботу перадалі перадачу Кастусёву. Ператрусу ў кватэры ў Менску, дзе ён жыве, не было.