12 красавіка жонка паведаміла пра зьнікненьне ў Маскве палітоляга Аляксандра Фядуты. 13 красавіка КДБ Беларусі пацьвердзіў, што Фядута затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску. Прыкладна ў тыя ж дні стала вядома, што ў Маскве 11 красавіка быў затрыманы грамадзянін Беларусі, адвакат з ЗША Юрась Зянковіч, у якога ёсьць амэрыканскае грамадзянства і які з 2007 году жыве за мяжой. Ён таксама быў адпраўлены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.
«Я размаўляла з мэнэджэрам гатэля. Ён расказаў, што супрацоўніца гасьцініцы бачыла з акна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: „Мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызьме“. Памахалі пасьведчаньнямі, сказалі, што са спэцслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы», — расказала Алена Дзянісавец, жонка Зянковіча. Пра тое, што Зянковіча затрымалі ў Маскве менавіта беларускія спэцслужбы, яго жонцы пацьвердзіў дзяржаўны адвакат зь Беларусі Павел Ульянцаў.
Раней беларускія ўлады актыўна супрацоўнічалі з расейскімі сілавікамі, калі ім трэба было затрымаць беларусаў у Расеі, але непасрэдныя затрыманьні ўсё ж праводзілі расейскія сілавікі з МУС і ФСБ: менавіта так затрымлівалі ў студзені 2020-га байца ММА Аляксея Кудзіна, кікбаксёра Яўгена Шыбалюка або антыфашыста зь Берасьця Андрэя Казімірава. На ўсіх траіх у Беларусі заведзеныя справы на падставе ўдзелу ў пратэстах.
Аднак затрыманьні Фядуты і Зянковіча, па ўсёй бачнасьці, праводзілі менавіта супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў — на тэрыторыі суседняй дзяржавы, падкрэсьлівае ў размове з «Настоящим временем» расейскі праваабаронца Раман Кісялёў, кіраўнік прававых праграмаў Маскоўскай Гэльсынскай групы. Ён і яго арганізацыя часта займаюцца справамі беларусаў, якіх затрымліваюць у Расеі і перадаюць у Беларусь.
Па словах Кісялёва, такія «нефармальныя практыкі» ў беларускіх спэцслужбаў сапраўды існуюць, хоць яны і незаконныя.
— Хачу з вамі пагаварыць пра гэтя апошнія два выпадкі. Мы афіцыйна ня ведаем, кім былі затрыманыя ў Маскве і Фядута, і Зянковіч. Ці ёсьць у вас здагадкі?
— На самой справе тут сапраўды вельмі заблытаная на дадзены момант інфармацыя, і мы спрабуем скаардынавацца з нашымі калегамі ў Беларусі, для таго каб атрымаць першасныя сьведчаньні саміх людзей, якія ў выніку туды былі вывезеныя. Але па той інфармацыі, якая на дадзены момант у нас ёсьць, існуюць усе падставы падазраваць, што да іх выкраданьня непасрэдна датычныя менавіта беларускія спэцслужбы. Таму ўзьнікае вельмі сур’ёзнае пытаньне: на якой падставе яны на тэрыторыі суседняй дзяржавы ажыцьцяўляюць падобную дзейнасьць? Трэба тут, праўда, сказаць, што гэта нярэдкі выпадак.
— Што важна: беларускія сілавікі паставілі ў вядомасьць расейскіх? Я так разумею, што згодна з заканадаўствам такія дзеяньні магчымыя, але з паведамленьнем сілавікам тых краінаў, на тэрыторыі якіх працуюць супрацоўнікі спэцслужбаў іншых краінаў?
— На самой справе не. Такія апэрацыі немагчымыя, па законе патрабуецца так ці інакш захаваньне экстрадыцыйнай працэдуры.
Ёсьць два спосабы, якім чынам можна вытурыць замежніка з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі на падставе нейкіх крымінальных спраў на тэрыторыі трэцяй краіны.
Першы — скарыстацца афіцыйным мэханізмам экстрадыцыі. Яна прадугледжвае, што чалавека спачатку абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук па спэцыяльнай сыстэме. Расейская Фэдэрацыя ўхваляе: «добра, так, давайце адшукваць гэтага чалавека». Яна яго знаходзіць, пасьля чаго паведамляе беларускаму боку, што тут яна яго зьмяшчае ў СІЗА.
Вось гэтыя гісторыі — гісторыі шасьці беларусаў, якія на дадзены момант знаходзяцца пад вартай у Расейскай Фэдэрацыі, — яны афіцыйным чынам праходзяць праз экстрадыцыйныя працэдуры. То бок гэта ўсталяваны законам працэс, пры якім выконваецца прынцып правасудзьдзя.
А вось гэтыя дзьве апошнія гісторыі — зь Фядутам і Зянковічам — цалкам выбіваюцца з гэтага шэрагу. Таму што другі спосаб, які я згадаў, — гэта магчымасьць выправаджэньня чалавека з выкарыстаньнем міграцыйных працэдур.
— Але, зноў жа, затрымаць для выправаджэньня чалавека павінны расейскія сілавікі?
— Так. Беларусы ў гэтым сэнсе ніякім чынам ня могуць рабіць нейкіх гвалтоўных дзеяньняў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.
— Ну, а як тады, як вы кажаце, маглі гэта зрабіць беларускія спэцслужбы?
— Яны маглі проста прыехаць і забраць. Я згадаў, што ёсьць «нефармальныя» практыкі, якія часам існуюць. І ў гісторыі Расейскай Фэдэрацыі былі выпадкі, калі супрацоўнікі КДБ па дамоўленасьці з расейскай Фэдэральнай службай бясьпекі праводзілі падобныя затрыманьні.
Гэта незаконны працэс, але там, відавочна, нейкія ўнутраныя бываюць дамоўленасьці наконт вытурваньня тых ці іншых людзей. Такія гісторыі ў нас былі і з Азэрбайджанам, і з Таджыкістанам. Яны адбываюцца з году ў год, і ў гэтым сэнсе я б не сказаў, што гэта варʼяцкая рэдкасьць. Але пры гэтым гэта, вядома, катэгарычная грубасьць у адносінах да расейскага закону і расейскага сувэрэнітэту.
— Я ўзгадваю два такія выпадкі, але ўжо з боку расейскіх спэцслужбаў. Першае — калі быў выкрадзены адзін зь фігурантаў Балотнай справы ў Кіеве (Леанід Развазжаеў. — НВ), а потым другі: украінец якраз быў затрыманы ў Беларусі і таксама такім жа чынам выкрадзены (Павел Грыб. — НВ).
— Так, такія гісторыі бываюць і з боку расейскіх спэцслужбаў, так.
— На вашай памяці калі-небудзь рассакрэчваліся ў выніку такія апэрацыі? Мы даведваліся калі-небудзь падрабязнасьці, хто і на якіх падставах аддаваў загады? Неяк потым гэта расьсьледавалася?
— Не, на жаль, не. Фэдэральная служба бясьпекі часьцей за ўсё, на жаль, гэтым і зарабляе. Яны, бывае, нават не дамаўляюцца зь іншымі дзяржаўнымі службамі. Бываюць выпадкі, калі Генэральная пракуратура скажа: «Не, мы ня будзем выдаваць гэтага чалавека», і яго вызваляюць. А потым на выхадзе зь СІЗА яго бяруць пад ручкі і вывозяць у невядомым кірунку, а потым ён аказваецца ў іншай краіне.
Таму ніякіх расьсьледаваньняў, на жаль, не было. Але менавіта тут мы як праваабаронцы ставім перад сабой задачу разьвіваць гэты кірунак, каб гэта не заставалася нейкай зонай беспакаранасьці.