Фэдэральная служба бясьпекі Расеі 17 красавіка затрымала ў Санкт-Пецярбургу ўкраінскага консула Аляксандра Сасанюка. Яго абвінавацілі ў дзейнасьці, несумяшчальнай з статусам дыплямата, — атрыманьні закрытай інфармацыі.
Паводле ФСБ, Сасанюка затрымалі, калі ён атрымліваў ад грамадзяніна Расеі інфармацыю з базаў зьвестак праваахоўных органаў і ФСБ.
Да ўкраінскага консула прыменяць «меры ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права» — звычайна гэта значыць, што яго вышлюць з краіны.
У ФСБ заявілі, што дзеяньні консула насілі «відавочны варожы характар у дачыненьні да Расейскай Фэдэрацыі».
Інцыдэнт адбыўся на фоне абвастрэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, дзе да тэрыторыяў, якія кантралююць сэпаратысты, і анэксаванага Крыма сьцягнулі шмат войскаў.
Якую інфармацыю атрымаў консул, не ўдакладняецца. Расейскія базы зьвестак праваахоўных органаў рэгулярна аказваюцца ў адкрытым доступе. У Расеі існуе маштабны чорны рынак такой інфармацыі — напрыклад, пра куплю білетаў грамадзянамі, іх тэлефонныя званкі і рух сродкаў па рахунках.
У МЗС Украіны назвалі затрыманьне «чарговай правакацыяй на фоне дэстабілізацыйных дзеяньняў Расеі» і ўдакладнілі, што празь некалькі гадзін консула адпусьцілі.
Пазьней у той жа дзень Аляксандра Сасанюка выклікалі ў МЗС Расеі і загадалі пакінуць тэрыторыю Расеі да 22 красавіка.