Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Вітаўта Мартыненкі, заснавальніка першага беларускага рок-клюбу


Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка

Падзеі 17 красавіка ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

17 красавіка 2016 году памёр музычны журналіст Вітаўт Мартыненка.

Яго, журналіста-музыказнаўцу і літаратара, называюць «таленавітым дэгустатарам», апошнім рамантыкам і архіварыюсам айчыннага року, але насамрэч Вітаўт Мартыненка быў яго стваральнікам і, дарэчы, аўтарам самога тэрміну «беларускі рок».

Атрымаўшы дыплём факультэту журналістыкі БДУ, ён зь першай паловы 1980-х працаваў у газэце «Чырвоная змена», дзе рэдагаваў музычную старонку «Нотны аркуш». Публікацыі на ёй выводзілі з падпольля папулярныя ўжо беларускамоўныя гурты «Мроя», «Рэй», «Магістрат», «Бонда», бардаў Касю і Алеся Камоцкіх, Вольгу Цярэшчанку, Сержука Сокалава-Воюша.

Супольна зь сябрам, музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем, у 1985-м Вітаўт заснаваў першы ў Беларусі рок-клюб — менскую «Нямігу», куды ўвайшлі «Мроя» і яшчэ сем гуртоў. Асноўным заданьнем клюбу (ён праіснаваў да 2003 году) была арганізацыя фэстываляў, якія ладзіліся двойчы на год: у дні нараджэньня Рычы Блэкмара і Джымі Гэндрыкса. На адным з гэтых фэстываляў — яны мелі назоў «Тры колеры» — адыграў першы канцэрт «Ляпіс Трубяцкі». Вітаўт спрычыніўся і да арганізацыі штогадовага фэсту беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

Мартыненка, здаецца, пасьпяваў паўсюль. Вёў гітпарады ў «Чырвонай змене» і на Беларускай службе Радыё Свабода. Уваходзіў у нефармальны моладзевы клюб «Талака» і Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Стварыў у «Чырвонцы» адну зь першых групаў падтрымкі Беларускага Народнага Фронту. Стаў разам з Анатолем Мяльгуем аўтарам выдадзенай у 1989-м у Нью-Ёрку кнігі для маладых мэляманаў «Праз рок-прызму». У супрацы зь сябрам Мартыненка выпусьціў пазьней і першы энцыкляпэдычны даведнік «222 альбомы беларускага року і ня толькі», а затым — сольную кнігу «Rock on-line».

Ён пісаў прозу і вершы, «пераклаў» з лацінкі на кірыліцу і выдаў з грунтоўнымі камэнтарамі раман Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis», пераствораны некалі па-беларуску знакамітым беларускім рэлігійным і культурным дзеячам Пятром Татарыновічам. Гэты чын Вітаўта даў яму магчымасьць сустрэцца з папам Рымскім Янам Паўлам ІІ.​

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 3-е выданьне, 2020, с. 688–689.

Таксама ў гэты дзень

1905 — расейскі імпэратар Мікалай ІІ выдаў указ аб верацярпімасьці. Гэтым указам адмяняліся рэпрэсіі за пераход з праваслаўя ў іншыя канфэсіі. У выніку ў Беларусі дзясяткі тысяч былых уніятаў адразу перайшлі ў каталіцтва. Працэс гэты набыў такі масавы характар, што царызму давялося стрымліваць яго сіламі тайнай паліцыі.

1914 — у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У выніку яе загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт «Ньюпар-IV», які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз.

1932 — заснаваны Цэнтральны батанічны сад у Менску.

У Батанічным садзе Менску, архіўнае фота
У Батанічным садзе Менску, архіўнае фота

1982 — Каралева Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі Лізавета II надала Канадзе поўную незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.

2009 — з нагоды перадачы запрашэньня беларускаму кіраўніцтву для ўдзелу ў саміце Ўсходняга партнэрства ў Празе чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс заявіў, што не падасьць рукі Аляксандру Лукашэнку.

У гэты дзень нарадзіліся

1936 — Міхась Рудкоўскі, беларускі паэт і перакладчык.

1938 — Васіль Лявонаў, міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, які быў зьняволены, а пасьля вызваленьня далучыўся да апазыцыі.

1981 — Юры Жаўноў, прафэсійны футбольны гулец зь Беларусі.

У памяці

1790 — памёр Бэнджамін Франклін, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі.

2014 — у Мэксыцы ва ўзросьце 87 гадоў памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Габрыель Гарсія Маркес.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG