Біятляністка Ганна Сола пракамэнтавала Tut.by сваё рашэньне не падпісваць праўладны ліст.
«Мне ёсьць за што сказаць „дзякуй“ краіне, але ў першую чаргу хацелася б, каб спорт заставаўся па-за палітыкай. Цяжка канцэнтравацца на спартовых выніках, калі чытаеш сумныя навіны зь Беларусі. Таму мая пазыцыя нават не палітычная, а агульначалавечая: за мір, выкананьне законаў і рашэньне любых пытаньняў без ужываньня гвалту».
Спартоўка прызналася, што атрымала вельмі шмат паведамленьняў падтрымкі ад беларусаў і да гэтага часу яшчэ не пасьпела адказаць на ўсе.
Ганна Сола сёлета стала першай біятляністкай Беларусі, акрамя Дар’і Домрачавай, якая прынесла краіне асабісты мэдаль чэмпіянату сьвету за апошнія 15 гадоў. У агульным заліку Кубку сьвету Сола заняла 23-е месца, што значна вышэй за яе паказьнік мінулага сэзону. Бронза чэмпіянату сьвету — пакуль найвышэйшае дасягненьне ў кар’еры біятляністкі.
Сола спадзяецца выплаціць крэдыт на 1-пакаёвую кватэру, хаця раней ёй не заўсёды хапала зарплаты на штомесячныя выплаты. Яна жыве ў менскім мікрараёне Новая Баравая разам са сваім хлопцам, велагоншчыкам Станіславам Бажковым.
«Праўладны» ліст спартоўцаў зьявіўся як адказ уладаў на ўтварэньне Беларускага фонду спартовай салідарнасьці і ліста за справядлівыя выбары, які пачалі актыўна падпісваць беларускія атлеты. Адной з падпісантак ліста з падтрымкай Лукашэнкі і сілавікоў стала партнэрка Ганны Солы па зборнай Беларусі Дынара Алімбекава.