Нэгатыўны камэнтар у адным з telegram-чатаў сьледчыя назвалі «злачынствам супраць бясьпекі чалавецтва».
Па інфармацыі СК, 29 сьнежня 2020 году Канеўскі, «знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня, разьмясьціў у Telegram-чаце аднаго з раёнаў Гомеля камэнтары з заклікамі забіваць супрацоўнікаў АМАП і іх семʼі». У сваіх паведамленьнях ён напісаў пра нядаўняе пахаваньне свайго армейскага сябра, якога нібыта застрэлілі ў Лідзе міліцыянты.
«У тэкстах паведамленьняў абвінавачанага маюцца выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў адной групы людзей супраць другой групы асоб, абʼяднаных паводле прафэсійнай прыналежнасьці», — інфармуюць сьледчыя.
Паведамленьні Канеўскага і чат, дзе яны былі разьмешчаныя, прызналі экстрэмісцкімі.
«Жыхар Горадзенскай вобласьці, якога абвінавачаны публічна „пахаваў“, жывы і здаровы. Недакладная інфармацыя аб яго сьмерці зьяўлялася ў адкрытым доступе неаднойчы», — паведамляе СК.
Раней сваякі Дзьмітрыя Канеўскага расказвалі, што ён пачуў пра сьмерць свайго прыяцеля, зь якім раней служылі ў войску, ад ягонай радні, і таму моцна засмуціўся і ад эмоцый напісаў камэнтар у раённым чаце.
Жыхар Гомеля абвінавачваецца паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці).
Тым часам злачынства супраць бясьпекі чалавецтва — гэта артыкул 128 Крымінальнага кодэксу. Некаторыя жыхары Гомля, пабітыя сілавікамі, падавалі ўвосень у СК заявы менавіта для таго, каб былі распачаты крымінальныя справы паводле артыкулу «Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва». Яны атрымалі адмовы.