«Хімія» за ўлётку пра «капітана Гестапа»
У судзе Берасьцейскага раёну вынесьлі прысуд 33-гадоваму Аляксандру Кашпанаву: 2,5 года «хіміі». Справу разгледзеў судзьдзя Сяргей Маручак. Дзяржабвінавачаньне прадстаўляў пракурор Шастачук.
13 верасьня 2020 году Кашпанаў разьмясьціў улёткі ў «неналежным» месцы, за што яго аштрафавалі. Але сілавікам гэтага было мала, і яны палічылі, што ва ўлётках ёсьць падставы для крымінальнай справы: зьвесткі абразьлівага характару ў дачыненьні да міліцыянта Андрэя Хвесюка.
Там сьцьвярджалася, што міліцыянт «пасьля затрыманьняў 9-11 жніўня асабіста зьбіваў затрыманых у спартовай залі за тое, што яны няправільна стаялі перад ім на каленях». Таксама Хвясюк называўся «капітанам Гестапа».
На судзе міліцыянт сказаў, што панёс вялікую маральную шкоду, папрасіўшы ацаніць яе ў 1000 рублёў. Судзьдзя задаволіў пазоў.
Усяго, як паведаміла дзяржабвінавачаньне, Кашпанаў і ягоны аднадумец расклеілі 14 улётак. Крымінальную справу супраць іншага мужчыны вылучылі ў асобную вытворчасьць.
Пацьвердзілі 3 гады калёніі за «замах» на амапаўца Самалётава
Менскі гарадзкі суд пакінуў без задавальненьня апэляцыйную скаргу 21-гадовага палітвязьня зь Лельчыц Арцёма Паўлечкі. Прысуд хлопцу ў «справе 14 ліпеня» пакінуты бязь зьменаў — 3 гады калёніі, інфармуе «Вясна».
15 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў Арцёма Паўлечку на 3 гады калёніі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка АМАП).
Маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што 14 ліпеня на сталічнай плошчы Перамогі ён ударыў амапаўца Віталя Самалётава (сапраўднасьць прозьвішча выклікае сумнеў) нагой у грудзі і браў удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць парадак.
Судовая калегія Менскага гарадзкога суду, старшынёй якой выступала Тамара Ўнукевіч, пакінула ранейшы вырак у сіле.
Падтрымаць Арцёма Паўлечку можна лістамі і паштоўкамі салідарнасьці, даслаўшы іх на адрас: Сьледчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.
Аматара страйкболу абвінавачваюць у пагромах, якіх не было
У судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся працэс у справе супрацоўніка мэдычнай лябараторыі, аматара страйкболу, палітвязьня Віталя Шчэрбіча. Да затрыманьня ён працаваў у прыватнай мэдлябараторыі Invitro, шмат гадоў займаўся страйкболам, цікавіўся ваеннай гісторыяй, вывучаў зброю.
Летась 17 лістапада да яго прыйшлі зь ператрусам: знайшлі дымавыя шашкі, пэтарды, страйкбольную зброю. Гаспадар сьцьвярджаў, што набыў усё для гульні ў страйкбол, аднак сьледзтва трактуе гэта як «падрыхтоўку да масавых беспарадкаў».
Спачатку Віталя Шчэрбіча ўтрымлівалі ў ізалятары Жодзіна, а потым перавялі ў менскае СІЗА № 1. Сёлета ў студзені беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.
Паводле дзяржабвінаваўцы Крысьціны Качанавай, ад 9 жніўня 2020 году і ў наступныя дні сумесна зь нявызначанымі асобамі Віталь Шчэрбіч меў дачыненьне да масавых беспарадкаў у Менску. Згодна з абвінавачваньнем, ён купіў і дапрацаваў прадметы «для бясчынства натоўпу, арганізацыі пагромаў, супраціву законнай дзейнасьці праваахоўных органаў», аднак злачынны намер не давёў да канца зь незалежных ад яго акалічнасьцяў.
Санкцыя паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пазбаўленьне волі ад 3 да 8 гадоў. Працэс вядзе судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.
Сваю віну ў арганізацыі масавых беспарадкаў Віталь Шчэрбіч адмаўляе.
Жанчыну асудзілі на «суткі» за рэлігійны сымбаль мужа-індуса
Прычынай візыту міліцыянтаў у кватэру жыхароў Менску 4 красавіка сталі бел-чырвона-белыя жалюзі на вакне. Па словах мужа арыштаванай Уткарша, такое спалучэньне белага з чырвоным — сымбаль 2-3 багоў у індуізьме, піша Tut.by. Але міліцыянты патлумачылі гэта па-свойму.
Летась да сям’і ўжо прыходзілі, у канцы 2020 году. Уткарш настойвае, што жонка фарбавала жалюзі паводле індуісцкай традыцыі, а не паводле палітычных перакананьняў. Прыхільнікамі гэтай рэлігіі сапраўды выкарыстоўваецца такое спалучэньне, напрыклад, пры пазначэньні сябе «цілакай» — сьвяшчэнным знакам, які мае дачыненьне да багоў Шывы і Вішну.
Сваякі жанчыны ўжо постфактум дазналіся, што Дыяну асудзілі на 13 сутак арышту. Пры гэтым яны ня ведаюць, дзе яе ўтрымліваюць — у Жодзіне ці ў Менску на Акрэсьціна. У міліцыі ж яшчэ пасьля затрыманьня наўмысна не давалі ніякай інфармацыі.
У Першамайскім раённым судзе Менску за падзеі 10 і 11 жніўня пачалі судзіць маці траіх дзяцей, валянтэрку Ганну Сунгураву. Яе вінавацяць у перашкодам руху транспарту па 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Віну жанчына не прызнала.
«Рэйкавая справа»: абвінавачаныя прызналі віну
У судзе Маладэчанскага раёну пачаўся разгляд справы па артыкуле 309 Крымінальнага кодэксу. На лаве падсудных — 38-гадовы Сяргей Шабуня і 37-гадовы Павал Федукевіч, якіх вінавацяць у замыканьні рэек. Справу разглядае судзьдзя Дубовік, дзяржабвінавачаньне падтрымлівае пракурор Цітовіч.
Абодва абвінавачаныя цалкам прызналі віну. Шабуня засьведчыў, што 11 лістапада 2020 году яны зь Федукевічам выпівалі і ўвечары вырашылі паспрабаваць схему замыканьня рэек. Яны ўзялі тросік і паехалі ў Вязынку на аўто Шабуні. Там прывязалі дрот да рэек і пачалі сыходзіць, але пачулі крыкі міліцыянтаў: «Стаяць!»
Пракурор упэўнены, што ўчынак падсудныя зьдзейсьнілі «праз палітычную варожасьць у мэтах дэстабілізацыі працы чыгункі». Шабуня і Федукевіч сказалі, што хоць і не прыхільнікі Лукашэнкі, але рэйкі замыкалі «з цікаўнасьці і па дурасьці», а не праз палітычную варожасьць.
Наступнае пасяджаньне адбудзецца 8 красавіка ў 10.00.