Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з сусьветных лідэраў найбольш апантана адмаўляе COVID


Дэманстрацыя ў Бразыліі супраць прэзыдэнта Жаіра Балсанару і яго адмаўленьня неабходнасьці барацьбы з COVID-19. Студзень 2021 году
Дэманстрацыя ў Бразыліі супраць прэзыдэнта Жаіра Балсанару і яго адмаўленьня неабходнасьці барацьбы з COVID-19. Студзень 2021 году

Аляксандар Лукашэнка, Жаір Балсанару, Гурбангулы Бердымухамедаў, Андрэс Мануэль Лопес Абрадор, Джон Магуфулі і яшчэ многія.

Усіх гэтых кіраўнікоў розных дзяржаваў аб’ядноўвае, апроч іншага, адно — яны ад самага пачатку кпілі зь небясьпекі новага каранавірусу ці ўвогуле лічылі выдумкай само яго існаваньне. І надзвычай мала рабілі для таго, каб засьцерагчы свае народы.

ЗША

Калі былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пакідаў Белы дом, адным з галоўных абвінавачваньняў на ягоны адрас з боку яго праціўнікаў было тое, што ён дапусьціў сьмерць ад COVID-19 больш як паўмільёна амэрыканцаў, адмовіўшыся ўводзіць жорсткі агульнанацыянальны карантын і прымаць іншыя папераджальныя захады. ЗША страцілі ў пандэмію больш людзей, чым у выніку ўсіх войнаў, у якіх краіна ўдзельнічала ў XX стагодзьдзі, — звыш 568 тысяч чалавек.

Трамп працягвае кпіць зь небясьпекі новага каранавірусу, хоць сам перахварэў, і даволі цяжка. Праўда, многія экспэрты кажуць, што абраная ім тактыка, магчыма, была не такая ўжо і дрэнная — ЗША відавочна пераадолелі найгоршы пэрыяд пандэміі без калясальнай шкоды для сваёй эканомікі і агульнага сацыяльнага дабрабыту насельніцтва.

У сьвеце знайшлося нямала лідэраў дзяржаваў (якія і да пандэміі мелі неадназначную рэпутацыю на сусьветнай арэне), хто здолеў паказаць сябе пасьля прышэсьця COVID-19 з найгоршага і часам дзіўнага боку. Іх імёны нагадвае ў сваім аглядзе Аляксандар Госьцеў.


БЕЛАРУСЬ

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў самы разгар эпідэміі мінулай вясной у цэнтры Менску правёў парад Перамогі з нагоды гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны. На парадзе ўсе прысутныя першыя асобы дзяржавы былі без мэдычных масак. Пры гэтым лекары абвяргалі афіцыйную статыстыку захворваньня, у краіне ня ўводзілі карантыну, затое працягвалі нацыянальны чэмпіянат у футболе з масай прысутных на трыбунах гледачоў.

Аляксандар Лукашэнка прызнаваўся, што перахварэў каранавірусам. Сам жа ён раіў усім лячыцца ад гэтай хваробы «лазьняй, гарэлкай і працай у полі на трактары» і наогул працівіўся любым супрацьэпідэмічным захадам. Тым ня менш многія ў Беларусі па сваёй ініцыятыве носяць маскі і рэсьпіратары і практыкуюць фізычнае дыстанцыянаваньне. Паводле афіцыйнай інфармацыі (а іншай няма), на сёньня ў Беларусі памерлі ад COVID-19 менш як 2300 чалавек.


ТУРКМЭНІСТАН

Яшчэ далей пайшоў Гурбангулы Бердымухамедаў (лекар адукацыяй), кіраўнік Туркмэністану, яшчэ адной постсавецкай дыктатуры, адной з самых закрытых краінаў сьвету — тут афіцыйна наогул няма ні хворых, ні эпідэміі, ні нават самога вірусу SARS-CoV-2. Туркмэнскія ўлады забаранілі нават выкарыстоўваць слова «каранавірус» у побыце. Яно не ўжываецца ня толькі ў дзяржаўных СМІ, але і адсутнічае ў інфармацыйных мэдычных брашурах, якія распаўсюджваюцца ў школах і паліклініках.

Паводле карэспандэнтаў Радыё Азатлык у Ашхабадзе, любыя размовы на вуліцы аб каранавірусе могуць скончыцца арыштам. Акрамя таго, супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным увесь час знаходзяцца разам з астатнімі грамадзянамі ў чэргах у мэдустановах і слухаюць, пра што размаўляюць людзі. Пры гэтым негалосна меры для барацьбы з распаўсюджваньнем вірусу прымаюцца. І нават сам Бердымухамедаў летась публічна надзяваў маску, адпраўляючыся на рыбалку.


БРАЗЫЛІЯ

Пахаваньне ахвяраў COVID-19 у горадзе Манаўс, сталіцы бразыльскай Амазоніі. Студзень 2021 году
Пахаваньне ахвяраў COVID-19 у горадзе Манаўс, сталіцы бразыльскай Амазоніі. Студзень 2021 году

Бразылія зь яе больш як 213-мільённым насельніцтвам даўно знаходзіцца на другім месцы пасьля ЗША і ў абсалютнай колькасьці тых, хто захварэў на COVID-19, і ва ўзроўні памерлых і інфікаваных на 100 тысяч насельніцтва. Тут да пачатку красавіка 2021 году зафіксавана больш за 331 тысячу сьмерцяў ад новага каранавірусу, перахварэлі ж амаль 13 мільёнаў чалавек. Пры гэтым, паводле ацэнак замежных экспэртаў, сапраўдныя маштабы эпідэміі ў Бразыліі могуць быць вышэйшымі за афіцыйныя дадзеныя ў 15 разоў.

Аднак бразыльскі прэзыдэнт Жаір Балсанару, былы афіцэр-дэсантнік часоў дыктатуры, які цяпер сутыкнуўся з наймацнейшым падзеньнем свайго рэйтынгу і маштабным палітычным крызісам, працягвае ня верыць у небясьпеку таго, што ён называе «маленькім грыпчыкам» ( «gripezinha»), і ўвесь час кпіць з карантынных захадаў, прынятых урадамі іншых краінаў.

Мэдычныя ўстановы краіны практычна не функцыянуюць, асабліва пасьля зьмены запар некалькіх міністраў аховы здароўя, якіх Балсанару звольніў за адмову пагадзіцца зь яго непрызнаваньнем небясьпекі. Нядаўна бразыльскі прэзыдэнт зноў заявіў, што «ягоны народ неўспрымальны да гэтага „грыпчыка“ — паколькі палова іх і так стала жывуць у сьцёкавай канаве і нічога зь імі не адбываецца». А ўсім, хто баіцца захварэць і не атрымаць пры гэтым ніякай дапамогі, Балсанару параіў «перастаць ныць»: «Дастаткова гэтых сопляў і завываньня! Як доўга мы яшчэ будзем плакацца? Нам усім прышчапляюць вірус страху!» — напісаў ён у твітэры.


МЭКСЫКА

Яшчэ адзін лацінаамэрыканскі лідэр, які цяжка захварэў на COVID-19 і пры гэтым не перастаў кпіць зь небясьпекі, — прэзыдэнт Мэксыкі Андрэс Мануэль Лопес Абрадор, левы папуліст, які кожны раз паціскае плячыма і раіць зьвярнуць думкі да Бога, калі яму задаюць пытаньні аб каранавірусе. У Мэксыцы за час эпідэміі памерлі ад SARS-CoV-2 больш як 204 тысяч чалавек. Год таму Абрадор даў усім жыхарам краіны толькі адну параду: «менш думаць пра ўсялякія страшылкі і жыць звычайным жыцьцём».

Мэдычную маску ці рэсьпіратар Абрадор, паводле яго, надзене толькі тады, калі ў краіне будуць цалкам выкараненыя карупцыя і наркамафія. Пры гэтым тыдзень таму мэксыканскае міністэрства аховы здароўя, імкнучыся не прыцягваць увагі, апублікавала даклад аб узроўні распаўсюджваньня хваробы — зь яго ўскосна вынікае, што рэальная колькасьць сьмерцяў і хворых на на 60 адсоткаў можа перавышаць афіцыйныя лічбы. Сам жа Андрэс Мануэль Лопес Абрадор працягвае насіць на шыі пад адзеньнем індзейскі абярэг, які, паводле яго, «ад усяго яго абараняе».

Летась у штатах паўночнай і цэнтральнай Мэксыкі мясцовыя наркакартэлі выкарысталі эпідэмію, каб палепшыць свой імідж сярод беднаты. Добраахвотнікі, нанятыя бандытамі, на вуліцах раздавалі, а дзе-нідзе і працягваюць раздаваць сродкі дэзынфэкцыі, рэсьпіратары, простыя лекі супраць гарачкі, мыла і гэтак далей, нават грошы. Уся дапамога запакаваная ў дыхтоўныя новыя кардонныя скрынкі або плястыкавыя пакеты — з назвамі злачынных груповак і нават партрэтамі іх лідэраў. Пры гэтым ад рук злачынцаў па-ранейшаму штодня ў Мэксыцы гіне па 100-120 чалавек на дзень.

Фота з твітэру, на якім дачка самага вядомага наркабарона Мэксыкі Хаакіна Гусмана Лоэр па мянушцы Карантышка («Эль Чапа») перадае бедняку на вуліцы скрынку з дапамогай — зь лягатыпам у выглядзе партрэта свайго бацькі.


НІКАРАГУА

У Нікарагуа сандыністы-сацыялісты пэрыядычна заклікаюць народ выходзіць на вуліцы на сьвяточныя шэсьці-акцыі пад назвай «Каханьне падчас COVID-19». Гэта намёк на вядомы раман культавага калюмбійскага пісьменьніка, майстра магічнага рэалізму Габрыэля Гарсія Маркеса «Каханьне падчас халеры», апублікаваны ў 1985 годзе. Аднак ні магічны рэалізм, ні каханьне пакуль не дапамаглі Нікарагуа, самай беднай краіне ў Цэнтральнай Амэрыцы, справіцца з эпідэміяй. Аднак, паводле афіцыйных зьвестак, у краіне больш чым за год ад заражэньня новым каранавірусам не памерлі і 200 чалавек.


ТАНЗАНІЯ

«Калі ты падхапіў каранавірус, у цябе няма ні граша і ты ў адчаі, не палохайся — проста пі сваю мачу, і ўсё будзе добра». Прыкладна такія парады даваў сваім грамадзянам Джон Магуфулі, прэзыдэнт Зямлі Танзаніі, яшчэ адзін аўтарытарны папуліст, які памёр у сярэдзіне сакавіка ва ўзросьце 61 года зь невядомай афіцыйна прычыны. Яго праціўнікі, пасьля таго як ён раптам перастаў зьяўляцца на публіцы, казалі, што прэзыдэнт быў шпіталізаваны з COVID-19 у суседняй Кеніі.

Джон Магуфулі не ўводзіў у краіне карантыну і раіў прыхільнікам лячыцца малітвамі і вядзьмарскімі абрадамі, высьмейваў вакцынацыю, не насіў маскі, а краіна не публікавала пры ім статыстычныя дадзеныя аб колькасьці тых, хто захварэў каранавірусам новага тыпу. Прэзыдэнт Танзаніі тлумачыў сваю пазыцыю тым, што не давярае «заходняй навуцы» і што, калі ён нібыта здаў на тэст узоры пладоў папаі і ананаса, яны, па яго словах, аказаліся пазытыўнымі. «Я не зьбіраюся абʼяўляць локдаўн, таму што нас абароніць Бог!» — паўтараў амаль да сваёй сьмерці Джон Магуфулі, расказваючы, як лячыў свайго сына паравымі інгаляцыямі.

Паводле афіцыйных дадзеных, у 60-мільённай Танзаніі ад COVID-19 памёр толькі 21 чалавек. Міністар аховы здароўя краіны Дораці Гваджыма нядаўна пацьвердзіла, што Танзанія адмаўляецца ад любых вакцын, вырабленых дзе заўгодна, ці ў ЗША, Эўропе, Расеі ці Кітаі, у тым ліку нават ад тых, што можна атрымаць бясплатна. Пры гэтым аўтаномны рэгіён краіны востраў Занзыбар стаў адным зь нешматлікіх турыстычных напрамкаў, адкрытых у сьвеце падчас пандэміі, у тым ліку і для беларусаў.

МАДАГАСКАР ДЫ ІНШЫЯ

Акрамя Танзаніі, з 62 афрыканскіх краін ад бясплатных вакцын адмовіліся таксама Бурундзі, Мадагаскар і Эрытрэя. Прэзыдэнт Мадагаскару небясьпеку хваробы не адмаўляе зусім, аднак лячыцца і засьцерагацца заклікае спэцыфічна. У траўні 2020 году ён асабіста прэзэнтаваў журналістам нейкую сумесь пад назвай Covid-Organics, прыгатаваную нанятымі ім народнымі лекарамі на аснове мясцовага гатунку палыну (якая сапраўды прызнаная лекавай расьлінай, якая дапамагае пры лячэньні многіх захворваньняў, у тым ліку малярыі). Паводле афіцыйных дадзеных, у гэтай астраўной дзяржаве з насельніцтвам крыху менш за 30 мільёнаў ад хваробы памерлі за ўвесь час менш як 460 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG