Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мастак Кузьміч спрабаваў пранікнуць у рэзыдэнцыю Макрона. Яго затрымалі


Пэрформанс Аляксея Кузьміча на выбарчым участку 9 жніўня 2020
Пэрформанс Аляксея Кузьміча на выбарчым участку 9 жніўня 2020

Трох асобаў затрымалі ў Парыжы пры спробе трапіць на тэрыторыю прэзыдэнцкага палацу, піша француская прэса. Свабода даведалася, што адным зь іх быў беларускі мастак і пэрформансэр Аляксей Кузьміч.

Што піша француская прэса

1 красавіка, пасярод дня, мужчына спрабаваў пранікнуць у двор прэзыдэнцкага палацу, разьмешчанага ў доме № 55 на вуліцы Фабур-Сэнт-Анарэ, у 8-й акрузе Парыжу, паведамляе Le Figaro са спасылкай на надзейныя крыніцы.

Падчас спробы ўзьлезьці на высокую агароджу вакол рэзыдэнцыі прэзыдэнта рэспублікі Эманюэля Макрона і ягонай жонкі Брыжыт мужчына меў з сабой бутэльку з вадкасьцю і кавалак тканіны, папярэдне падпалены, паведамляе судовая крыніца выданьня.

Згаданага чалавека суправаджала пара, якая рабіла фота і відэа зь месца здарэньня. Трое былі ўзятыя пад варту за «наўмысны гвалт са зброяй», дадае тая самая крыніца. Расьсьледаваньнем займаецца крымінальная брыгада паліцыі. Яна мусіць вызначыць, ці чалавек кінуў бутэльку з запальнай вадкасьцю, ці проста яе ўпусьціў.

Сьледчым таксама давядзецца выявіць матывы парушальнікаў. Паводле крыніцы ў паліцыі, вадкасьць у бутэльцы не была небясьпечнай, і мужчына ва ўзросьце каля трыццаці гадоў сьцьвярджаў у сваё апраўданьне, што ён як мастак не жадаў учыняць гвалтоўнага акту.

Ліст да Макрона

Асобай, якая спрабавала трапіць у палац, быў беларускі мастак Аляксей Кузьміч, які пакінуў Беларусь пасьля жнівеньскіх падзеяў і неаднаразова пісаў, што знаходзіцца ў Парыжы.

Пра тое, што затрымалі менавіта Кузьміча, Свабодзе пацьвердзілі зь ягонага профілю ў Facebook.

У чацьвер, яшчэ да інцыдэнту, на старонцы мастака зьявіўся адкрыты ліст да прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Месцам лякалізацыі допісу быў Элізэйскі палац. У лісьце Кузьміч мастацкімі вобразамі крытыкуе негвалтоўны супраціў і згадвае «кактэйль Молатава».

Вобраз «кактэйля Молатава» зьяўляецца і ў відэароліку, які ён разьмясьціў у Фэйсбуку ў той жа дзень. Элізэйскі палац ізноў быў пазначаны месцам лякалізацыі.

Хто такі Аляксей Кузьміч

Аляксей Кузьміч — беларускі мастак і пэрформансэр.

9 жніўня 2020 году Аляксей Кузьміч выйшаў з кабінкі для галасаваньня на выбарчым участку ў менскай школе № 44 у набедранай павязцы, на грудзях прымацаваўшы бюлетэнь з намаляваным фалічным сымбалем. У такім жа выглядзе Кузьміч выйшаў уначы ў Менск і стаў перад калёнай тэхнікі. Перад правядзеньнем акцыі, якая называлася «Веру», Кузьміч паведаміў у пісьмовым выглядзе яе сэнс. Паводле мастака, у Беларусі адсутнічае выбар. Выбары «зьяўляюцца цырымоніяй эксцэнтрычнага фарсу, якая складаецца зь перасячэньня сучаснага выгляду рэлігійнага культу і (...) паводзін прыматаў».

Назаўтра яго затрымалі і жорстка пабілі. 4 дні ён правёў у ізалятары на Акрэсьціна.


У 2019 годзе Кузьміч правёў акцыю супраць цэнзуры «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».

У верасьні 2020 ён зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG