Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігар ведае, да чаго яму трэба рыхтавацца». Палітвязень Лосік за кратамі 278 дзён


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Кансультант Радыё Свабода працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы. Дата пачатку суду пакуль невядомая.

Кансультант Радыё Свабода, палітвязень Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году — 278 дзён. Напрыканцы мінулага тыдня ён пачаў знаёміцца з матэрыяламі абвінавачваньня. Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала Свабодзе пра апошнія навіны ад мужа.

«Ігар працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы цяпер, — расказвае Дар’я Лосік. — Чамусьці перасталі хадзіць лісты. І да яго мае не даходзяць, і мне ад яго. Чаму так адбываецца, ня ведаю. Апошні ліст ад Ігара я атрымала 8 сакавіка. У Ігара зь лістамі ўвогуле туга, ня толькі з маімі. Адвакат зараз езьдзіць да Ігара на азнаямленьне са справай. На здароўе Ігар ня скардзіцца, але настрой так сабе ў яго, калі шчыра. Нічога вясёлага няма, Ігар у мэлянхоліі такой. Ён стаміўся ад усяго. Ведае, да чаго рыхтавацца, але аптымізму яму гэта не дадае».

Па словах Дар’і, дата пачатку суду па справе Ігара Лосіка пакуль невядомая нават прыблізна. Практыка склалася такая: пасьля таго як абвінавачаны і яго адвакат азнаёмяцца з матэрыяламі справы, тыя перадаюцца ў пракуратуру і суд. Судовы працэс пасьля гэтага пачынаецца прыкладна празь месяц. Адвакат Ігара Лосіка Дзьмітры Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні. Таму нават трэці артыкул абвінавачваньня, выстаўленага Ігару Лосіку, застаецца пакуль таямніцай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG