Міністэрства інфармацыі патрабуе выправіць парушэньні і праінфармаваць пра гэта да 5 красавіка, спасылаецца на ведамасны дакумэнт Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Прэтэнзіі выказаныя да наступных артыкулаў, якія апублікавала незалежнае выданьне сёлета ў студзені:
- «Чаму дыялёгу не было, няма і ня будзе» (№ 3 ад 22 студзеня);
- «„Крымінальны“ 2020-ты. Як і за што пратэстоўцы атрымлівалі тэрміны зьняволеньня» (№ 3 ад 22 студзеня);
- «Пакуль мяне дапытвалі, побач зьбівалі людзей, і нікога гэта не бянтэжыла» (№ 3 ад 22 студзеня);
- «Гета для ўлады» (№ 4 ад 29 студзеня).
«Чым жа так перашкаджаюць незалежныя мэдыя тым, хто лічыць сябе ўладай? Чаму ідзе сапраўднае паляваньне на журналістаў? Кагосьці адмовіліся друкаваць, кагосьці пазбавілі статусу СМІ, а кагосьці наогул кінулі за краты. За што? За праўду. Праўда сёньня і ёсьць найгоршае злачынства. Асабліва калі яе хочуць ведаць мільёны», — так адрэагавала на ліст зь Мінінфарму галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.
Журналістка таксама азадачаная фармулёўкай, згодна зь якой патрабуецца «ліквідаваць парушэньні пры выпуску чарговага нумара газэты, праінфармаваўшы пра гэта ведамства не пазьней за 5 красавіка».
«Як і што ліквідаваць, не сказана. Адклікаць усе асобнікі і спаліць? Напісаць, што ў артыкулах усё няпраўда? Што ад гэтага зьменіцца? Шматлікія абсурдныя прысуды раптам стануць законнымі? Калі так, дык, шаноўныя чытачы, усё, што вы бачылі і чыталі, лепш забудзьце і нікому не расказвайце», — паіранізавала Аксана Колб, дадаўшы, што насамрэч шкоду нацыянальным інтарэсам наносяць зусім іншыя дзеяньні.