Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Дзяніса Івашына прызналі палітвязьнем


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Беларускія праваабаронцы прызналі палітычным вязьнем журналіста з Горадні Дзяніса Івашына, які быў затрыманы КДБ 12 сакавіка.

Як нагадвае праваабарончы цэнтар «Вясна», Дзяніс Івашын займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі, супрацоўнічае з газэтай «Новы Час». Апошні ягоны матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі «Беркут» пасьпяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама ён зьяўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайту «ІнформНапалм».

У дзень затрыманьня, 12 сакавіка, сілавікі правялі ператрусы ў кватэры журналіста, дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка адбыўся вобшук у яго 95-гадовай бабулі.

Дзяніса Івашына ўзялі пад варту на два месяцы.

Пазьней Дзянісу Івашыну прад’явілі абвінавачваньне па артыкуле 365 Крымінальнага кодэксу, нібыта за ўзьдзеяньне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай зьмены характару яго законнай дзейнасьці шляхам абвяшчэньня зьвестак, якія той жадае захаваць у таямніцы.

Беларускія праваабаронцы заявілі, што ў адпаведнасьці з тлумачэньнямі ААН, дзяржавам-удзельніцам нельга спасылацца на законы, каб схаваць ад шырокай грамадзкасьці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадзкі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бясьпецы, а таксама каб перасьледаваць журналістаў, дасьледчыкаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Такім чынам, адзначаюць праваабаронцы, гэтыя дзеяньні зьяўляюцца негвалтоўнай рэалізацыяй свабоды пошуку і распаўсюду інфармацыі, і іх нельга кваліфікаваць як «узьдзеяньне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай зьмены характару яго законнай дзейнасьці».

Беларускія праваабаронцы запатрабавалі неадкладна вызваліць Дзяніса Івашына і ўсіх іншых палітычных вязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG