Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пазбавілі права ўдзельнічаць у «Эўравізіі»


Белтэлерадыёкампанія высылала на «Эўравізію» баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста»
Белтэлерадыёкампанія высылала на «Эўравізію» баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста»

Эўрапейскі вяшчальны зьвяз заявіў, што Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у 65-м конкурсе песьні «Эўравізія» ў траўні.

Пра гэта гаворыцца ў заяве EBU.

11 сакавіка Эўрапейскі вяшчальны зьвяз паведаміў Белтэлерадыёкампаніі, што песьня «Я навучу цябе» гурту «Галасы ЗМеста» ў тым выглядзе, у якім яна ёсьць цяпер, ня можа прадстаўляць Беларусь у конкурсе «Эўравізія-2021». EBU прыйшоў да высновы, што песьня ставіць пад сумнеў непалітычны характар конкурсу.

«У сераду, 10 сакавіка, мы зьвярнуліся да Белтэлерадыёкампаніі, якая адказвае за ўдзел Беларусі ў конкурсе песьні „Эўравізія“, з просьбай зрабіць усе крокі, неабходныя для ўнясеньня зьмяненьняў у іх песьню сёлета, каб яна адпавядала правілам спаборніцтва», — гаворыцца ў заяве Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу. — Пасьля гэтага Белдзяржтэлерадыёкампанія прадставіла новую песьню тых самых выканаўцаў у дамоўлены тэрмін».

Заява адзначае, што экспэрты і арганізатары конкурсу ўважліва вывучылі новую заяўку, каб ацаніць яе права ўдзельнічаць у конкурсе, і зрабілі выснову, што новая заяўка таксама парушае правілы конкурсу.

«Паколькі Белдзяржтэлерадыёкампанія не падала заяўкі на ўдзел у падоўжаным тэрміне, на жаль, Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у 65-м конкурсе песьні „Эўравізія“ ў траўні», — заключаюць арганізатары конкурсу.

Рэпэртуар каманды «Галасы ЗМеста» складаецца зь песьняў, у якіх высьмейваюцца «жанчына з Прыбалтыкі», Павал Латушка, «флейцістка», каранавірус і Эўразьвяз. Гучалі таксама кавэры на «Муры» і «Купалінку» з каверканьнем беларускай мовы.

Удзельнікі «Галасоў ЗМеста» вядомыя сваім удзелам у праўладных аўтапрабегах. Пра сябе яны пішуць на ўласным сайце: «Мы ня можам заставацца абыякавымі», калі «пад соўсам „палітычнай барацьбы“ спрабуюць разбурыць краіну, якую мы любім і ў якой жывём».

У сьнежні гурт выступіў у Купалаўскім тэатры. Лідэр гурту Дзьмітрый Бутакоў паміж песьнямі чытаў іранічныя вершы пра бел-чырвона-белы сьцяг, Усебеларускі зьезд 1917 году, які адбыўся ў Купалаўскім тэатры, і людзей, якія «прысягалі Гітлеру».

Ня першая палітычная «дыскваліфікацыя»

Дыскваліфікацыя беларускага ўдзельніка Эўравізіі-2021 з прычыны палітычнага зьместу песьні ня першы падобны выпадак у гісторыі конкурсу.

2009 год. Пасьля расейскай агрэсіі супраць Грузіі на Эўрабачаньне ў Маскве меўся паехаць грузінскі гурт Stephane&3G зь песьняй «We Don’t Wanna Put In». Аднак ЭВС выказаўся супраць тэксту песьні, у якім пабачылі крытыку Ўладзіміра Пуціна.

Арганізатары прапанавалі гурту замяніць тэкст песьні, аднак і музыкі, і грузінскі вяшчальнік GPB адмовіліся ад удзелу ў конкурсе.

2015 год. Армянскі ўдзельнік Эўравізіі ў Вене гурт Genealogy мусіў зьмяніць назву песьні пасьля сьцвярджэньняў, што яна ўтрымлівае заклік да прызнання генацыду армян.

2017 год. Расея вырашыла паслаць на конкурс у Кіеў сьпявачку Юлію Самойлаву, хоць яшчэ за два гады да таго ёй забаранілі ўезд ва Ўкраіну пасьля выступу і незаконнага ўезду ў анэксаваным Расеяй Крыме. «Першы канал», які выступаў арганізатарам адбору ў Расеі, адхіліў прапанову Кіеву, каб Самойлава выступала дыстанцыйна, і адмовіўся ад удзелу ў конкурсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG