Іх трымалі ў Цэнтральным РАУС Гомля, а потым аддалі бацькам.
Адзін з затрыманых расказаў валянтэрам, што пасьля затрыманьня міліцыянты білі іх па твары. Адзін з пабітых падлеткаў перад затрыманьнем крычаў «Жыве Беларусь!».
Цётка аднаго з затрыманых падлеткаў расказала, што яе пляменьніку 13 з паловай гадоў. Ён ішоў з кампаніяй на КВН. Іх было шэсьць чалавек. Шлі ў цэнтар творчасьці дзяцей і моладзі «Юнацтва». «Яны нічога не крычалі, проста ішлі на КВН. А зь іншай кампаніі на плошчы нехта крыкнуў „Жыве Беларусь“. І аднекуль зьявіліся амапаўцы, і ўсіх затрымалі. У старэйшага хлопца з той кампаніі, што крыкнула „Жыве Беларусь“, у тэлефоне знайшлі падпіску на канал, які прызнаны экстрэмісцкім, і яго білі па шчоках», — расказала жыхарка Гомля.