Начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб дзяржаўнай бясьпецы Генпракуратуры Валеры Шуляк сказаў журналістам БелТА, што ў дзейным заканадаўстве не акрэсьлены орган, які адказвае за каардынацыю намаганьняў усіх суб’ектаў у супрацьдзеяньні экстрэмізму. Цяпер куратар будзе вызначаны.
«У праекце гэты недагляд ліквідаваны — прапануецца ўскласьці функцыю каардынацыі дзейнасьці суб’ектаў супрацьдзеяньня экстрэмізму на органы ўнутраных спраў, што дасьць магчымасьць апэратыўна рэагаваць на выклікі і пагрозы», — адзначыў чыноўнік.
Камэнтуючы рэдакцыю закону аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, ён удакладніў, што прапануецца пашырэньне пераліку суб’ектаў з функцыямі кантролю за кошт уключэньня сюды органаў юстыцыі, фінансавых расьсьледаваньняў, мясцовых выканаўчых структураў, міністэрстваў адукацыі і інфармацыі.
Пры гэтым Валеры Шуляк запэўніў, што новы закон «не пісаўся пад бел-чырвона-белую сымболіку». Казаць пра тое, што яшчэ на стадыі законапраекту складзеныя забаронныя сьпісы, некарэктна, дадаў ён.
«Любая атрыбутыка, сымболіка могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі выключна паводле рашэньня суду. Ніхто закон пад бел-чырвона-белую сымболіку не пісаў і не рэдагаваў. У любым законе выкладзены агульныя правілы, якія-небудзь канкрэтныя выпадкі не разглядаюцца. Гэта адносіцца і да бел-чырвона-белай сымболікі, і чырвона-чорна-зялёнай, і любых іншых. Усталёўваюцца агульныя правілы прызнаньня той ці іншай сымболікі экстрэмісцкай».
Валеры Шуляк растлумачыў, што сымболіка можа быць прызнаная забароненай, калі выкарыстоўваецца для ўключэньня ў экстрэмісцкую дзейнасьць, для яе прапаганды ці апраўданьня.
У сваю чаргу, намесьніца начальніка аддзелу нагляднай вытворчасьці Генпракуратуры Яўгенія Парамонава дадала, што простая крытыка ўлады не пацягне за сабой крымінальнай адказнасьці. Гаворка пра наўмысныя і непраўдзівыя зьвесткі, распаўсюджаныя публічна.
«Норма пабудаваная такім чынам, што адказнасьць за дзейнасьць па дыскрэдытацыі Беларусі, у тым ліку органаў дзяржаўнай улады, вынікае з наўмысных дзеяньняў і распаўсюду заведама ілжывых зьвестак, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — сказала прадстаўніца Генпракуратуры.
Паводле праўладнага аналітыка Аляксея Алдоніна, паколькі паліттэхнолягі, якія «распрацоўваюць рэвалюцыі», арыентаваныя на дзяржаўны пераварот у Беларусі, задача ўлады — стварыць нарматыўную базу, якая б забясьпечвала спыненьне дзейнасьці такіх экстрэмісцкіх груповак.
Чакаецца, што законапраект аб супрацьдзеяньні экстрэмізму паступіць у Палату прадстаўнікоў ужо на пачатку красавіка.