Вырак агучыў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч: 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Да апошняга не было вядома, за што менавіта ў нядзелю затрымалі Ігара Барысава. БСДП (Грамада) фігуруе ў ліку заяўнікаў Дня Волі 25 сакавіка, аднак дакумэнты ў Менгарвыканкам падаваў намесьнік старшыні партыі Аляксей Сігаеў, а не Барысаў.
Пазьней ягонай жонцы Алене Барысавай паведамілі, што мужа абвінавацілі ў «непадпарадкаваньні службовай асобе». Падрабязнасьцяў здарэньня пры гэтым не ўдакладнілі.
Ігара Барысава схапілі 21 сакавіка, калі ён ехаў зь сям’ёй у краму. Людзі ў цывільным у чорных масках затрымалі яго на вачах у жонкі і 4-гадовага дзіцяці, літаральна выцягнулі з машыны.
Палітыка даставілі спачатку ў Партызанскае РУУС Менску, а затым у цэнтар ізаляцыі на Акрэсьціна.
9 сакавіка БСДП (Грамада) разам з Партыяй БНФ і рухам «За свабоду» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу з нагоды 103-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Міліцыя і камунальнікі ўжо адмовілі арганізатарам у дамовах на абслугоўваньне імпрэзы з прычыны каранавірусу і «экстрэмісцкіх заклікаў».
Як мяркуюць ініцыятары БНР-103, пад прыкрыцьцём адсутнасьці неабходных пагадненьняў гарадзкія ўлады таксама праігнаруюць заяўку.