У лістападзе Загаеўскі разам з больш як 50 польскімі пісьменьнікамі падпісаўся пад адкрытым лістом да беларускіх літаратараў, у якім асуджаліся беларускія «самазваныя ўлады, якія топчуць Канстытуцыю і асноўныя правы чалавека і грамадзяніна».
Загаеўскі нарадзіўся ў Львове ў 1945 годзе. Пасьля Другой сусьветнай вайны палякаў выселілі з гораду, ягоная сям’я пераехала ў Глівіцэ (Сілезія). Скончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве.
У 1967 дэбютаваў зь вершамі, публікаваўся ў часопісах Życie Literackie, Odra, Twórczość. Пасьля задушэньня студэнцкіх пратэстаў у Польшчы ў 1968 годзе быў адным з заснавальнікаў паэтычнай групы Teraz ( «Цяпер»), адначасова выкладаў марксізм-ленінізм у Горна-мэталюргічнай акадэміі ў Кракаве.
У сярэдзіне 70-х гадоў Загаеўскі далучыўся да польскай апазыцыі. У сьнежні 1975 году ён стаў адным з 66 прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, якія падпісалі «Ліст 59» ў знак пратэсту супраць зьмяненьняў у Канстытуцыю краіны.
У дакумэнце меркавалася зафіксаваць курс Польскай абʼяднанай працоўнай партыі і зафіксаваць «саюз» з СССР, а ўрад абавязваўся выконваць правы грамадзян толькі ў выпадку, калі грамадзяне выконваюць свае абавязкі. Пасьля выступу інтэлігенцыі гэтыя папраўкі былі адмененыя.
Пасьля адкрытага ліста паэту забаронена было друкавацца. Ён працаваў выкладчыкам, друкаваўся пад псэўданімамі, выяжджаў у Заходнюю Нямеччыну і ЗША. У 1982 годзе, пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, зьехаў у Францыю. Быў адным з заснавальнікаў часопіса Zeszyty Literackie, створанага на ініцыятыву Ёсіфа Бродзкага, Томаша Вэнцлавы і Чэслава Мілаша.
Выкладаў у Чыкаскім унівэрсытэце, атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій. У ЗША стаў вядомы вершам пра тэракт 11 верасня. У Польшчу вярнуўся толькі ў 2002 годзе. Доўгія гады лічыўся асноўным прэтэндэнтам ад польскай літаратуры на Нобэлеўскую прэмію.