Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка заявіў зь СІЗА, што Беларусь страціла «сапраўдную незалежнасьць»


Віктар Бабарыка, архіўнае фота
Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Дзеяньні беларускіх уладаў, якія прымянялі сілу для задушэньня акцый пратэсту, прывялі не да выратаваньня краіны, а да зьніжэньня яе палітычнай і эканамічнай самастойнасьці, напісаў Віктар Бабарыка у адказ на пытаньне РБК.

Што яшчэ адказаў Бабарыка

Суадносіны пацярпелых пратэстоўцаў і сілавікоў непрапарцыйныя. Гэта абвяргае тэзіс, што жорсткасьць праваахоўных органаў падчас разгонаў пратэстаў была апраўданая.

Тэзіс пра ўратаваньне ўладай краіны таксама памылковы, бо яно магчымае толькі ад вонкавай пагрозы, якой не было. Войскі NATO і сьцягнутыя да мяжы танкі і самалёты «былі толькі на экранах БТ і ў інфармацыйных паведамленьнях дзяржСМІ». Кіраўніцтва краіны ратавала «ўласную ўладу ад людзей, якія хацелі зьмяніць жыцьцё да лепшага».

Захаваць сапраўдную незалежнасьць краіне не ўдалося. «Як і ў любога чалавека, у дзяржавы незалежнасьць абапіраецца на эканоміку. Калі ня можаш забясьпечыць сябе сам, а бярэш грошы на сваё ўтрыманьне ў бацькоў, сваякоў ці сяброў, то казаць пра незалежнасьць складана». За мінулы год зьнешні доўг Беларусі вырас на 1,4 мільярда даляраў або больш як на 8%. Беларусь і так была ў вельмі моцнай эканамічнай залежнасьці ад аднаго ці двух рынкаў збыту і прыцягненьня фінансаваньня, а «цяпер ні пра якую шматвэктарнасьць і дывэрсыфікацыю казаць не выпадае». «Цяпер у нас тэарэтычнай альтэрнатывы іншых партнэраў не засталося».

Тэзіс пра ўратаваньне краіны ад алігархаў таксама няслушны. «Алігархі» не выходзілі на вуліцу, у Беларусі яны ўжо «ўбудаваныя ў цяперашнюю сыстэму ўлады і дакладна не прэтэндавалі на ўладу».

Лідэры апазыцыі ніколі не казалі, што закрыцьцё ці продаж прадпрыемстваў — адзіны і непазьбежны варыянт дзеяньняў, як пужае ўлада. Ёсьць іншыя варыянты, правераныя і рэалізаваныя ў іншых краінах. А страшылкі пра масавае беспрацоўе і распродаж «спадчыны» патрэбныя, каб захаваць «арыенцір на састарэлую схему кіраваньня, заснаваную на хлусьні, нянавісьці і страху».

«Але захаваць нешта немагчыма. У прыродзе няма працяглага стану ўстойлівай раўнавагі. Вы або разьвіваецеся, або падаеце ўніз. Можна толькі рэгуляваць хуткасьць руху», — упэўнены Бабарыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG