«Размова ідзе пра тых міліцыянтаў, якія здрадзілі прысязе і сёньня працуюць на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі або на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей», — паведаміў Аляксей Данілаў пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Паводле яго, супраць іх заведзеныя крымінальныя справы аб дзяржаўнай здрадзе. «90 адсоткаў (падсанкцыйных асобаў) хаваюцца ў Расеі», — сказаў сакратар Рады нацбясьпекі і абароны Ўкраіны.
Пра тых, хто пасьля 2014 году зьехаў у Беларусь і працягвае службу ў спэцыяльных падразьдзяленьнях Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, Аляксей Данілаў нічога не сказаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі мае ўвесьці гэтае рашэньне ў дзеяньне сваім адмысловым указам найбліжэйшым часам. У ім будуць дакладна пералічаныя ўсе прозьвішчы асобаў, супраць якіх уводзяцца санкцыі.
Летась у ліпені стала вядома, што першапраходцам у Беларусі стаў супрацоўнік падразьдзяленьня «Бэркут» Мікалаеўскай вобласьці Анатоль Гарбуноў — ён пераехаў у Менск да сваякоў і там уладкаваўся на працу ў беларускую міліцыю. Потым якраз ён і перацягнуў у Беларусь як мінімум трох сваіх былых падначаленых.
Паводле інфармацыі рэдактара беларускай рэдакцыі міжнароднай выведніцкай супольнасьці InformNapalm Дзяніса Івашына, у спэцыяльных падразьдзяленьнях Менску і Менскай вобласьці служаць больш як 10 былых супрацоўнікаў украінскага «Бэркуту». Усе яны атрымалі беларускае грамадзянства і сталі ў чаргу на атрыманьне кватэр.
12 сакавіка, пасьля чарговай публікацыі аб украінскіх супрацоўніках у беларускай міліцыі, Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ.