У судзе Кастрычніцкага раёну Менску сёньня разгледзелі адміністрацыйную справу супраць карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча за ўвоз у Беларусь кнігі «Беларускі Данбас».
На журналіста склалі пратакол па ч. 1 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд або перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці).
Раней разгляд справы прызначаўся на 12 сакавіка, але быў перанесены па рашэньні судзьдзі Аляксандра Рудэнкі.
«Набыў кнігі сабе і ў падарунак аўтару»
Раман Васюковіч патлумачыў у судзе, што набыў кнігі «Беларускі Данбас» у Кіеве ў звычайнай краме для сябе і ў падарунак аўтарам.
«Распаўсюджваць нічога не зьбіраўся», — сказаў ён.
Кнігі ён перавозіў у звычайнай сумцы, не хаваў іх, яны былі ва ўпакоўцы, ён іх нават не адкрываў. Зьмест кнігі Раману Васюковічу быў невядомы, ён яе не чытаў.
Васюковіч сказаў, што ў Беларусі гэтыя кнігі не прадаюцца, таму аўтары іх ня мелі, і ён вырашыў, што гэта будзе нядрэнны падарунак ім на Новы год.
Адвакат прасіў у судзе спыніць справу супраць Рамана Васюковіча.
У чым абвінавацілі журналіста?
Раман Васюковіч 11 сьнежня мінулага году вяртаўся ў Менск з камандзіроўкі ў Кіеў. У Менскім аэрапорце мытнікі вынялі ў яго «для праверкі экстрэмізму» два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас», якія падаліся ім падазронымі. Матэрыялы перадалі ў аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце.
Паводле начальніка аддзелу, гэта кнігі «цёмна-зялёнага колеру з выявай пляча салдата ў вайсковай форме з эмблемай бел-чырвона-белага колеру».
Аўтары кнігі — журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш, выдадзена яна ў 2020 годзе ўкраінскім выдавецтвам «Фоліо».
З пратаколу, складзенага ў лютым на Васюковіча, вынікае, што Менская абласная экспэртная камісія 29 студзеня зрабіла заключэньне, што ў кнігах «устаноўлена наяўнасьць прыкметаў праявы экстрэмізму».
Менскі аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце Нацыянальнага аэрапорту «Менск» таксама накіраваў заяву ў Кастрычніцкі суд, каб той прызнаў кнігу «Беларускі Данбас», вынятую ў Васюковіча, экстрэмісцкімі матэрыяламі. А потым каб даручыў Міністэрству інфармацыі ўключыць яе ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дзеля абмежаваньня доступу і распаўсюду.
Кастрычніцкі суд будзе разглядаць грамадзянскую справу аб прызнаньні кнігі экстрэмісцкімі матэрыяламі 26 сакавіка. Рамана Васюковіча выклікаюць на гэтае пасяджэньне ў якасьці зацікаўленай асобы.
У канцы жніўня 2020 году журналісты тэлеканалу «Настоящее время» былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС разам з журналістамі іншых замежных СМІ.