Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз аварыю на падстанцыі 60-тысячнае Жодзіна засталося без вады. Таксама зьнікала электрычнасьць


Падвоз вады, ілюстрацыйнае фота
Падвоз вады, ілюстрацыйнае фота

Пасьля аварыі на трансфарматарнай падстанцыі БелАЗу ва ўсім Жодзіне адключылі ваду.

Раніцай 18 сакавіка сапсаваўся разьмеркавальны пункт на заводзкай падстанцыі, якая сілкуе большую частку горада, у тым ліку і водазабор «Паўночны», піша Ex-press.by.

Сьпярша з кранаў у дамах і кватэрах пацякла брудная жыжа, а пасьля зьнікла і яна. 60-тысячны горад застаўся без вады. Жыхары кажуць, што часткова зьнікала і электрычнасьць.

Арганізавалі падвоз аўтацыстэрнамі, але вада хутка заканчваецца.

Галоўны санітарны лекар Жодзіна Сяргей Канавалаў накіраваў дырэктару камбіната грамадзкага харчаваньня Яўгену Лобану ліст з пазнакай «тэрмінова».

Рэкамэндуецца забясьпечыць пітной бутыляванай вадой найперш установы адукацыі, аб’екты харчаваньня і гандлю — як для піцьця, так і для гатаваньня ежы. Карыстаньне цэнтралізаванымі сеткамі водазабесьпячэньня не рэкамэндавана да моманту атрыманьня здавальняючых вынікаў лябараторных дасьледаваньняў узятых пробаў.

Пакуль ліквідуюць аварыю, з суседняга Барысава абяцаюць даставіць магутны дызэль-генэратар для аднаўленьня водазабору.

Днямі на якасьць вады наракалі жыхары менскага мікрараёну Зялёны Луг, была арганізаваная аварыйная дастаўка. Летась у лістападзе некалькі дзён ад воднай блякады цярпела пратэставая Новая Баравая, а затым і Савецкі раён сталіцы.

А да таго ў чэрвені з аналягічнай праблемай сутыкнуліся дзясяткі тысяч менчукоў. Праз аварыю на «Менгарводаканале» некалькі дзён безь пітной вады заставаліся жыхары Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG