«Паводле сьледзтва, 17 сакавіка невядомыя ажыцьцявілі несанкцыянаваны доступ да электроннай паштовай скрынкі, уладальнікам якой зьяўляецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Ад імя згаданай асобы яны разаслалі паведамленьні, якія зьмяшчаюць не адпаведную рэальнасьці інфармацыю», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Пачата крымінальная справа паводле ч.2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці). Санкцыя за гэта прадугледжвае да 2 гадоў пазбаўленьня волі.
17 сакавіка шэраг незалежных СМІ атрымалі на рэдакцыйную пошту ліст за подпісам Генадзя Давыдзькі, у якім ён нібыта заклікаў сваіх калег-дэпутатаў датэрмінова вызваліць Аляксандра Лукашэнку ад пасады.
Пазьней сам Давыдзька заявіў, што яго пошту ўзламалі і рассылаюць «дурныя лісты».
Пракуратуры Беларусі спатрэбілася 100 дзён, каб завесьці справу паводле факту сьмерці актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі. Іншыя сьмерці і раненьні ўдзельнікаў пратэстаў пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году ня сталі падставай для завядзеньня крымінальных спраў. На тысячы заяваў зьбітых і катаваных сілавікамі грамадзян аб завядзеньні крымінальных спраў Сьледчы камітэт адказаў нэгатыўна або не адказаў зусім.