Прадстаўнікі арганізацыі «Русь Маладая» («Румол») падалі на лідэрку Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў Марыну Хоміч скаргу ў пракуратуру за правядзеньне канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча памяці Алеся Чаркашына ў рамках сустрэчы з выбарнікамі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба БХД.
Алеся Чаркашына румолаўцы называюць «наймітам».
Пракуратура дэлегавала разгляд звароту ў РУУС, які запрасіў лідэрку МХД на размову.
«Я адмовілася, тым больш што цяпер за мяжой. Правядзеньне канцэрту я не адмаўляю, а рэагаваць на заявы незразумелых арганізацый ня бачу сэнсу», — адзначыла Марына Хоміч.
«Такія шавіністычныя прарасейскія арганізацыі, як „РуМол“, проста шалеюць ад любых праяваў волі ды незалежнасьці Беларусі. Па-першае, Алесь Чаркашын быў капэлянам і санітарам на Данбасе, а гэта годная хрысьціянская справа. Па-другое, сам „РуМол“ трэба забараніць у Беларусі як антынацыянальную, антыдзяржаўную, шавіністычную арганізацыю, якая замахваецца на сувэрэнітэт нашай Радзімы, ганьбіць нашу мову, культуру і дзяржаву. Раю беларускім „праваахоўнікам“ заняцца арганізацыямі, якія рыхтуюць акупацыю Беларусі», — цытуе Хоміч прэс-служба БХД.